Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:санет

Гэта старая версія дакумента!


Санет

Санет (італ. sonette, ад sonare- гучаць, звінець) — від страфы, якая складаецца з чатырнаццаці радкоў пяці-, радзей шасці- ці нават чатырохстопнага ямба. Аб'ядноўвае два чатырохрадкоўі і два трохрадкоўі. Дзве рыфмы арганізуюць катрэны (абба абба ці абаб абаб), тры рыфмы тэрцэтаў размяшчаюцца ў залежнасці ад характару папярэдняй рыфмоўкі у італьянскім санеце: вгв гвг ці вгд вгд, у французскім санеце: вв гддг ці вггв дд.
У санеце кампазіцыйная будова цесна звязана са зместам. У катрэнах назіраецца развіццё тэмы, у тэрцэтах - кульмінацыя і развязка. Як адзначыў Максім Багдановіч, у першых васьмі радках «развіваецца тэма санета, а ў астатнім - заключэнне да яе; ставіцца пытанне і даецца адказ; малюецца абразок і даецца паясненне да яго». Асаблівая нагрузка падае на апошні тэрцэт, нават на апошні радок тэрцэта, які па думцы і вобразнасці павінен быць самым моцным у санеце (санетны замок). Больш таго, па законах класічнага санета апошняе слова ў санеце павінна быць своеасаблівым сэнсавым «ключом» твора. У той жа час ніводнае слова, выключаючы хіба дапаможныя, не павінна ў ім паўтарацца (прыклад глядзіце у артыкуле цвёрдыя формы верша).
Санет узнік у Італіі (XІІІ ст.), потым пашырыўся ў іспанскай, партугальскай, французскай, англійскай і іншых літаратурах. Паступова рассоўваліся тэматычныя і жанравыя рамкі. Напачатку санет быў прыналежнасцю выключна інтымнай лірыкі. У Шэкспіра напоўніўся філасофскім роздумам. Калі ж Франко стварыў свае «вольныя» і «турэмныя» санеты, якія-небудзь тэматычныя абмежаванні для гэтай формы верша перасталі існаваць. З часам паэты ўразнастайвалі і саму форму санета. Шэкспір, напрыклад, пісаў санеты у форме трох чатырохрадкоўяў і аднаго заключнага двухрадкоўя (абаб вгвг деде жж).
У санет прыходзіў акцэнтны верш, у ім знікала роўнастопнасць чацвёртага радка кожнага катрэна (храмы санет), прысутнічала толькі дзве рыфмы на ўвесь санет (суцэльны санет) або іх зусім не было (белы санет), катрэны і тэрцэты мяняліся месцамі (перавернуты санет), не ставала аднаго катрэна (безгаловы санет) або катрэна і тэрцэта адначасова (напаўсанет), колькасць тэрцэтаў даходзіла да трох ці нават чатырох (хвастаты санет) і інш.
У наш час, дарэчы, узоры многіх такіх форм санета даў украінскі паэт С. Крыжаніўскі. Аднак гэтыя «ўдасканальванні» санета не выйшлі за межы эксперыментаў, прыжыўся, бадай, толькі санет шэкспіраўскага тыпу.
У гісторыю літаратуры Беларусі санет упершыню ўвайшоў у 1610 г., калі Мялецій Сматрыцкі змясціў у сваім славутым «Фрынасе» ўласны пераклад аднаго з санетаў Петраркі на лацінскую і польскую мовы.
У XІX ст. з'яўляюцца перакладныя санеты (напрыклад, перакладзены Аляксандрам Ельскім санет Адама Міцкевіча «У буру»).
Першыя арыгінальныя санеты на беларускай мове апублікаваў Янка Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», 1910; да гэтага, у 1906 г., паэт напісаў сем санетаў на польскай мове; усяго ж на рахунку Янкі Купала 22 санеты). Услед за ім у 1911 г. да санета звярнуўся Максім Багдановіч («...Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі», «...Замёрзла ноччу шпаркая крыніца», «...Прынадна вочы ззяюць да мяне» і іншыя), паэт пераклаў на беларускую мову некаторыя С. Верлена («Шынок», «Маладосць»), Арвера («…Я тайну ў глыбіні душы хаваю»), даследваў гэтую вершаваную форму як літаратуразнавец (гісторыка-тэарэтычны нарыс «Санет»).
Да санета даволі часта звярталіся і звяртаюцца розныя беларускія паэты. Вядомы санеты Якуба Коласа (санетны трыпціх «Наперад!»), Змітрака Бядулі («…Тут неба - даль бязбрэжная як,мора»), П. Труса («Над кубкам возера»), Уладзіміра Жылкі ("Меч", "Каханне", "Хараство"), Уладзіміра Дубоўкі («Прамерыць гоні шмат разоў араты», «Ля Мядзеля ёсць возера адно»). Санеты ёсць у К. Кірэенкі, Ніла Гілевіча, Сяргея Грахоўскага, Э. Валасевіча, Хв. Жычкі, М. Федзюковіча, С. Мінскевіча (цыкл «Менскія санеты») і інш. Некалькі дзесяткаў санетаў, у тым ліку сатырычных, стварыў Алесь Звонак.
Значным здабыткам беларускага санетапісання з'явіліся «Санеты» Шэкспіра, выдадзеныя ў 1964 г. у перакладах У. Дубоўкі.
Беларускія паэты вызначыліся ў архітэктанічнай арганізацыі буйных санетных структур, ад санетных дыпціхаў («Белыя санеты» Хв. Жычкі), трыпціхаў («Гуманізм» Алеся Салаўя, "Радзіма" Алеся Звонака), тэтрапціхаў («Год» Рыгора Барадуліна) і да больш значных. Так, у А. Звонака сустракаюцца цыклы з 5 («Сумленне веку», «Дзіва») і нават з 6 санетаў («Святлісты дзень красавіка»). А ў беларускіх паэтаў замежжа М. Каваля ёсць так званая карона санетаў «Мярэжа» з 7 твораў, у А. Салаўя - цыклы з 23 («Несмяротнасць») і нават з 25 санетаў («На хуткіх крылах вольнага Пегаса»).
Адна з найбольш складаных і рэдкіх архітэктанічных структур - вянок санетаў. У ім паўтарэннем асобных радкоў усе 14 санетаў звязаны паміж сабою, я таксама з магістралам - пятнаццатым, заключным санетам, што складаецца з першых радкоў папярэдніх санетаў.

І ўжо самая складаная, вышуканая архітэктанічная санетная структура - вянок вянкоў санетаў. Ён складаецца з 15 вянкоў санетаў; апошні, пятнаццаты, уключае ў сябе магістралы ўсіх папярэдніх. Першы беларускі вянок вянкоў санетаў «Апакаліпсіс душы» надрукаваў у 1992 г. З. Марозаў. У 1999 г. да яго далучыўся М. Віняцкі («Загойвай боль, сінь яснавокай зоркі…»), з 2000 г. - С. Шах («Адухаўленне», «Прысвячэнне», «Прызначэнне», «Спасціжэнне», «Увасабленне»). Наогул, у сусветнай літаратуры налічваецца сёння ўсяго некалькі твораў такой будовы.

Санеты беларускіх паэтаў:

Янка Купала - Для зямлі прадзедаў маіх...

Якуб Колас - Зорка

Алесь Гарун - Жыццё

Уладзімір Жылка - Сёмуха

Уладзімір Жылка - Восень

Змітрок Бядуля - У сонцы дзён, у зорнасці начэй...

Максім Танк - Заснула казка на акне маім астрожным...

Максім Танк - Антысанет

Янка Журба - Я помню сад у срэбраным уборы...

Янка Золак - Прыйсце

Язэп Пушча - Вясна

Язэп Пушча - Яшчэ ў юнацкія гады

Алесь Салавей - Санет

Алесь Салавей - Гайна

Леанід Галубовіч - Тварцам агню

Ніл Гілевіч - Асвенцім

Леанід Дранько-Майсюк - Ёсць нешта польскае ў табе – таемнасць тая...

Алесь Звонак - Хараство

Алесь Звонак - Гарбуз

Алесь Звонак - Мудрасць

Алесь Звонак - Час

Васіль Зуёнак - У люстэрку Свіцязі

Еўдакія Лось - Роднай мове

Еўдакія Лось - Санет

Янка Сіпакоў - Санет кахання

Міхась Стральцоў - Чаму так згадваем былое...

l>

Падобныя старонкі

слоўнік/санет.1755963640.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:40 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki