творы:еўдакія-лось:еўдакія-лось-роднай-мове
Еўдакія Лось — Роднай мове
Табе складаю шчыры свой санет,
Прапрадзедаў маіх жывая мова, –
Майго народа першая аснова,
Душы яго шырокі, чысты свет!
Калі і я ў табе пакіну след,
Хай не на ўсю ступню, хай напалову, –
Твая заслуга, казачнае слова.
Адзнака новых радасных прыкмет!
Да глыбіні душы мяне хвалюе,
Як пазнаю цябе і прагна п’ю я,
Нібы вады з крыніцы мне далі.
I крочу, маладая, з асалодай
Па гэтай любай, сонечнай зямлі,
Дзе роднай мовай дадзена валодаць!
1957
Падобныя старонкі
творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-роднай-мове.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:53 — vedybeadmin