творы:уладзімір-дубоўка:уладзімір-дубоўка-ля-мядзеля-ёсць-возера
Уладзімір Дубоўка — Ля Мядзеля ёсць возера адно
Паэту-земляку
Ля Мядзела ёсць возера адно.
Над ім дубы шумяць, гамоняць сосны.
У ім, як у празрыстай кроплі роснай,
для воч ніколі не закрыта дно:
заўсёды светлае і чыстае яно.
Каля яго спыняюцца і вёсны
здзіўлёныя, у захапленні млосным,
а кветы – завіваюцца ў вянок.
Пра возера я ўспамінаю гэта,
чытаючы любімага паэта:
ад сэрца шчырага глыбокі твор.
Я думаю, ты не аднойчы бачыў
лясное гэна возера, зямляча:
ты ж пахадзіў нямала ля вазёр!
1958
Падобныя старонкі
творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-ля-мядзеля-ёсць-возера.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:53 — vedybeadmin