Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:актава

Актава

Актава (ад лац. ocatava — восьмая) — васьмірадковы верш, радкі якога часцей за ўсё пішуцца пяцістопным або шасцістопным ямбам і рыфмуюцца па схеме АбАбАбвв. У першых шасці радках павінна вытрымлівацца чаргаванне розных па націску рыфмаў (мужчынскіх і жаночых, мужчынскіх і дактылічных і г. д.), завяршаюць жа актаву два радкі, звязаныя сумежнай рыфмоўкай. Актава ўзнікла ў італьянскай народнай паэзіі, а ў эпоху Адраджэння распаўсюдзілася ў многіх еўрапейскіх літаратурах. Актаву пісалі італьянцы Бакачыо і Таса, англійскі паэт Байран, паляк Юльюш Славацкі і многія інш. У рускай паэзіі актава з'явілася ў першай палавіне ХІХ ст. Карысталіся ёй В. Жукоўскі («Опять ты здесь, мой благородный генний»), А. Пушкін («Домик в Коломне»), М. Лермантаў («Аул Бастунджин»), А. Майкаў («Октава») і інш. У беларускую паэзію актаву ўвёў Янка Купала («Спроба актавы». 1906):

Удар, душа, удар ты, сэрца.
Па струнах думак-весялух!
Збудзіце ўспаны ў паняверцы
Жыцця змянлівага мой дух.
Хай думкі лягуць на паперцы
I цешаць братні погляд, слух,
Народу прыйдзе хай пара
Успомніць часам песняра!

Верш Янкі Купалы «Валачобнікі» складаецца з пяці актаў. Да гэтай страфы зрэдку звяртаюцца і сучасныя беларускія паэты. Цыкл з шасці актаў напісаў А. Грачанікаў («Начная змена»). Каля дзесяці актаў уключыў у свой зборнік вершаў «Актавы» Ніл Гілевіч. Вось адна з іх:

Дружа, не будзь да аблудных бязлітасна строгі:
То не віна, а бяда іх; бяду — не карай.
Крыўдна, вядома, што збіліся людзі з дарогі
I не шануюць, як трэба, бацькоўскі свой край,
Хоць гаварылі яшчэ мудрацы-скамарохі:
«Помні: на роднай зямлі — і пад елкаю рай».
Простыя ісціны часам так цяжка даюцца:
Покуль адолееш — слёз ручаіны пральюцца.


Найбольш пладавіты беларускі актавапісец — Алесь Салавей, аўтар некалькі дзесяткаў актаў. Імі, у прыватнасці, напісана яго паэма «Звіняць званы святой Сафіі». Гэтай формай верша не грэбуюць і некаторыя маладзейшыя паэты (Эдуард Акулін, У. Сцяпан і інш.). Беларускія паэты часам адступаюць ад кананічнага тыпу актавы. Прыведзеная актава Янкі Купалы напісана чатырохстопным ямбам, Ніла Гілевіча — пяцістопным дактылем. Аднак асноўнае, што надае ёй непаўторны воблік — рыфмоўка, — застаецца нязменным. Актавай найчасцей пішуць вялікія цыклы вершаў, паэмы (напрыклад, «Дон-Жуан» Байрана, «Домик в Коломне» А. Пушкіна і інш.). У гэтым выпадку захоўваецца правіла альтэрнанса: калі папярэдняя страфа заканчваецца жаночай рыфмай, то наступная пачынаецца мужчынскай, і наадварот.

l>

Падобныя старонкі

слоўнік/актава.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki