Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:рыфмоўка

Рыфмоўка

Рыфмоўка — размяшчэнне рыфмаў у радках верша.
Характар рыфмоўкі залежыць ад месца рыфмаў у вершаваных радках, іх колькасці, спосабу іх сувязі вершаваных радкоў.
Часцей за ўсё рыфмы бываюць у канцы вершарадоў. Аднак паэзія, апрача рыфмаў канцавых, ведае пачатковыя, калі сугучныя словы стаяць на пачатку суседніх вершаваных радкоў, і ўнутраныя, калі сугучнасць яднае словы, з якіх адно знаходзіцца ў сярэдзіне, а другое - ў канцы аднаго і таго ж радка. Разам з тым бываюць выпадкі, калі ўсе словы або частка слоў аднаго вершаванага радка рыфмуюцца з усімі словамі або часткай слоў другога (сумежнага) радка (пантарыфма).
У залежнасці ад колькасці рыфмаў у страфе (дзве, тры, чатыры ці больш) рыфмоўка бывае парнай, трайной, чацвярной, мнагакратнай.
Рыфмоўка, пры якой рыфмы, утвараючы строфы, рэгулярна паўтараюцца на адных і тых жа месцах у вершаваных радках, называецца рэгулярнай.
Па спосабу рыфменнай сувязі рыфмоўкі чатырохрадкоўяў - найбольш распаўсюджаных у паэзіі строфаў — можа быць сумежнай (аабб), перакрыжаванай (абаб), апаясной, або кальцавой (абба).
Часам нейкая рыфма праходзіць праз увесь твор (скразная рыфмоўка). У некаторых відах вершаў, пераважна класічных (напрыклад, у тэрцынах), асобныя радкі папярэдніх строфаў рыфмуюцца з радкамі строфаў наступных, утвараючы своеасаблівы рыфменны ланцуг (ланцужковая рыфмоўка). Падчас адна рыфма аб'ядноўвае ўсе радкі твора (манарыфма).
У астрафічным (нестрафічным) вершы бывае нерэгулярная рыфмоўка, пры якой з'яўленне рыфмаў у пэўных месцах твора нічым не рэгламентавана. Асобныя незарыфмаваныя радкі ў рыфмаваным вершы называюцца халастымі.

Падобныя старонкі

слоўнік/рыфмоўка.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:53 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki