Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алег-лойка:творчасць-алега-лойкі

Творчасць Алега Лойкі

А. Лойка нарадзіўся 1 траўня 1931 г. у г. Слоніме, што на Гродзеншчыне, скончыў філалагічны факультэт БДУ і з 1956 г. пачаў там жа працаваць выкладчыкам беларускай літаратуры, пазней там жа абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, стаў прафесарам і членам-карэспандэнтам АН БССР. У перыяд з 1959 па 1990 г. ён выдае свае паэтычныя зборнікі з інтэрвалам прыблізна ў два гады: «На юначым шляху» (1959), «Задуменныя пералескі» (1961), «Дарогі і летуценні» (1963), «Блакітнае азерца» (1965), «Каб не плакалі кані» (1967), «Дзівасіл» (1969), «Калі ў дарозе ты…» (1971), «Шчырасць» (1973), «Пачуцці» (1976), «Лінія жыцця» (1978), «Скрыжалі» (1981), «Няроўныя даты» (1983), «Грайна» (1986), «Пралескі ў акопах» (1987), «Балады вайны і міру» (1989) і «Талая вясна» (1990). Ён таксама многа піша для дзяцей, займаецца перакладамі, у тым ліку з Верлена і Гётэ, а на пачатку 80-х стварае напаўдакументальны твор пра жыццё Янкі Купалы.
Пры такой неверагоднай пладавітасці ў розных жанрах было б вельмі дзіўна, каб Лойка дасягнуў паўсюль нязменна высокіх рэзультатаў. Аднак адным з бясспрэчных ягоных дасягненняў стала распрацоўка балады як літаратурнага жанру. Сярод ягоных найбольш удалых балад можна ўзгадаць «Баладу Траецкай гары» (1965), «Юнак быў з-пад Слоніма родам…» (1958) і «Дзень народзін» (1976). Дзве апошнія прысвечаны ваенным падзеям. У баладзе «Юнак быў з-пад Слоніма родам…» Лойка распавядае пра маладога беларускага партызана, які, трапіўшы ў гестапа, мужна зносіў усе катаванні. Балада «Дзень народзін» пачынаецца не зусім дакладным эпіграфам з Гейнэ і апісвае садысцкія зверствы нацыстаў, якімі суправаджалася святкаванне семнаццацігоддзя нямецкай дзяўчыны. Абедзве балады ўспрымаюцца хутчэй не як узоры велічнай і кранальнай паэзіі, а як трагічны вершаваны дакумент з залішнім пафасам і ўласнымі спасылкамі, як, напрыклад, недакладная і недарэчная цытата з Г. Гейнэ.
Добрая абазнанасць Лойкі ў пытаннях гісторыі і культуры паўплывала на ягоныя вершы, прысвечаныя беларускай мінуўшчыне, такія, як «Лямантацыі Кірылы Тураўскага» (1971), «Партрэт Сымона Буднага» (1974), вышэйпамянёная «Балада Траецкай гары» і «Цётка» (1971). Паэт і сапраўды стварыў вялікую колькасць разнастайных твораў, і пры такой пладавітасці будуць памятаць, падобна, толькі нязначную частку ягоных вершаў, у першую чаргу з-за ўстойлівай тэндэнцыі да выкарыстання дэталяў, якія набліжаюцца хутчэй да банальнасці, чым да прастаты, да сентыментальнасці, якая не можа глыбока закрануць душу, а таксама наіўны светапогляд, што кантрастуе з адноснай шырынёй ягоных ведаў. Узорамі такой сентыментальнаці могуць паслужыць прыклады з ягонай ранняй паэзіі, такія, як верш «Маці» (1953), сціслае апісанне першага паходу ў школу маленькага хлопчыка, якое заканчваецца наступнымі словамі: «Ціха ў інтэрнаце, / І кожны ўспамінае сваю маці», альбо «Ледзь скрыпнуў журавель» (1958), з якога мы прыводзім апошнюю страфу:

Змоўк журавель… І я з вядра паволі
Празрыстую ваду ў карыта лью,
І мыюся, і рады як ніколі
Вадзе, нябёсам, хмаркам, жураўлю!..

Другім тыповым прыкладам лірычнай паэзіі Лойкі з’яўляецца верш без назвы 1965 г.:

Заўсёды трошкі таямніцай
Была ты для мяне і ёсць:
Чагосьці светлага крыніцай,
Перад якім я – толькі госць.

Прывабнай зоркай з яснай высі
Сышла ў мае семнаццаць год.
Узяць пад ручку баючыся,
Цябе праводзіў да варот.

Ты мне і сёння – таямніца,
І, можа, шчасце ў тым і ёсць,
Каб не напіцца з той крыніцы,
Перад якой ты – вечны госць!..

У вершы «Вечны запавет» (1984), прысвечаным М. В. Гладкаму, аўтар кожны чацвёрты радок заканчвае сцвярджэннем, што «кожны чалавек – паэт», і заключае двума павучальнымі, але досыць шчырымі радкамі: «Душа як шчасце, прагне слова / Пераўтварыць на шчасце свет!..» У якасці эпіграфа да іншага верша пад назвай «Калі гіне паэт», напісанага 24 кастрычніка 1977 г., узятыя словы з шыльды на адной з варшаўскіх вуліц, якая сведчыць пра тое, што тут загінуў Кшыштаф Бачыньскі. У гэтым творы аўтар сцвярджае найвышэйшую вартасць паэта менавіта для таго часу, у які ён жыве. Гэтае велізарнае значэнне паэзіі падкрэсліваецца ў наступных радках верша:

Калі гіне паэт
Гіне большае ад чалавека!
… … … … … … … … … … … …
Калі гіне паэт
На вуліцы той ці гэтай,
Абнаўляецца свет
Яго смерцю пачатай
Легендай.

Па праўдзе кажучы, цяжка здагадацца, ці стварыў сам Лойка легенду ў паэзіі альбо ў навуцы, і ці наогул магчыма гэта. Аднак жа ён, несумненна, доўга і многа працаваў у абодвух напрамках.


Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. – 332 с.

Падобныя старонкі

творы/алег-лойка/творчасць-алега-лойкі.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:40 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki