Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алег-лойка:алег-лойка-над-шчарай

Алег Лойка — Над Шчарай

Я зноў над табой, твой плывец,
Як ты, – плынь, якой не адолець,
Лугоў неабсяжных касец,
Рыбак, непакрыўджаны доляй;

Даліны шырозны разгон,
Што вокам за раз не акінуць,
Я – колішні твой плытагон,
Што з Нёманам зліўся сінім;

Я – хваля твая, што ўдаль
Імкне ўсхвалявана, натхнёна,
Яе ціхі восеньскі жаль
І лёд – звонкі-звонкі, зялёны;

Паводка твая, што вясной
Пад сонцам, як срэбра жывое,
І кнігаўкі неспакой,
Што гнёзды ад нелюдзяў тоіць;

Я – ў квеце каліна твая,
І тая, што ягады студзіць,
І тая, што рэха ў гаях
Пра луг непакошаны будзіць;

Я – дуб твой, і той, што пяе
Над гуртам даверлівых рыбак,
І той, што ў глыбіні твае
Ступіў, каб стаць грыфамі скрыпак;

Дзень добры, калыска мая,
Нібы маладзік ў хвалях, човен, –
Я сам бы не ведаў, хто я,
Табою тут не зачарован;

Стаю пад высокай вярбой,
Зліваюся з плынню тваёю,
Становячыся вышынёй,
Становячыся глыбінёю;

Мой твар – у табе, а краса
Твая, нібы позірк дзявочы.
І радасці немай сляза
Мне зноў набягае на вочы,

І бачу, нібы праз крышталь,
Праз чыстасць яе і бязвіннасць
У дугах вясёлкавых – даль,
Тваю, Шчара, вечную плыннасць.


Крыніца: Бацька наш Нёман: Вершы, апавяданні, нарысы, эсэ: Для ст. шк. узросту / Уклад. Я. І. Хвалей. – Мн.: Юнацтва, 2001, – 510 с.

Падобныя старонкі

творы/алег-лойка/алег-лойка-над-шчарай.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:40 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki