творы:алег-лойка:алег-лойка-у-зімовым-лесе
Алег Лойка — У зімовым лесе
У зімовым лесе
Снежна, снежна, снежна.
Сарокам няўежна,
А зайцам няўлежна –
Сонца іх не грэе,
Вецер іх марозіць,
Аднаму мядзведзю
Цёпла у бярлозе.
У зімовым лесе
Іней, іней, іней
На сасонках сініх,
На старых асінах,
Ён сядае нават
Срэбнай павуцінай,
Калі лось задрэмле,
На рагах ласіных…
У зімовым лесе
Ціха, ціха, ціха,
Зрэдку мітуснецца
Ў голлі снегірыха,
Войкне, баючыся,
Што знячэўку спевам
Інею карункі
Ацярушыць дрэвам.
Падобныя старонкі
творы/алег-лойка/алег-лойка-у-зімовым-лесе.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:40 — vedybeadmin