творы:янка-журба:янка-журба-раніцай
Янка Журба — Раніцай
Ціхі ранак… Хлопчык Янка
Нешта доўга сёння спіць.
Татка кажа: «Устань, сыночак,
Годзе сны табе ўжо сніць!
Дзень сягоння цёплы, ясны:
Пойдзем дровы мы рубаць.
Нарубаўшы дроў уволю,
У поле пойдзем пагуляць.
Там нарвеш прыгожых кветак,
Шмат пабачыш матылькоў,
Там спаткаеш многа дзетак –
Жвавых, шчырых дружбакоў.
Паглядзі, як грае сонца,
I ліецца спеў вясны.
Птушкі звоняць у аконца –
Працаваць завуць яны».
Жыва ўстаў з пасцелі Янка;
Шмат бадзёрасці даў сон.
Разам з таткам на работу
З новай сілай выйшаў ён.
1922
Падобныя старонкі
творы/янка-журба/янка-журба-раніцай.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin