Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:якуб-колас:якуб-колас-раніца-вясною

Якуб Колас — Раніца вясною

Ціха ў полі, ціха ў лесе,
А ні шэпне вецярок,
Толькі дзесь у паднябессі
Льецца звонкі галасок.

Як бы срэбраны званочак
Роніць ўніз за трэлем трэль,
Аж заслухаўся гаёчак,
Не парушыцца і ель.

На усходзе бляск агністы
Літым золатам дрыжыць,
Слуп высокі, прамяністы
Роўным полымем гарыць.

Тонкіх хмарак валаконцы
Сталі хораша ў радок,
Як бы ўюць яны для сонца
З тых валоканцаў вянок.

Ціха ў полі, ціха ў лесе,
Чуць балбоча ручаёк,
А высока ў паднябессі
Льецца звонкі галасок.

Падобныя старонкі

творы/якуб-колас/якуб-колас-раніца-вясною.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki