Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:язэп-пушча:язэп-пушча-светлых-дзён-хараство

Язэп Пушча — Светлых дзён хараство

О, вясна, светлых дзён хараство!
Ў санцацвеце губляюцца мары.
Смех дзявоча-пралескавы твой
Патануў у ясноце, ў надхмар’і.

Вецер вольны планету абег, –
Ў падарожжы мне з ім не агоркне.
Заклікаць выйду ў поле цябе,
Пакланюся далінам, узгоркам.

З імі песні складаў я раней,
З імі песні складалі ракіты.
Там вятры закалышуць мяне,
Госці сонца і госці блакіту.

Ой, ты цёплая радасць палёў,
Не хадзіць мне мяжой да крыніцы.
Як у лозах я кошыкі плёў,
Толькі ў песнях і можа прысніцца.

Што было, таго сёння няма.
Адцвіло палыновае зелле.
У палях расцвітае вясна,
У палях веснавое вяселле.


О, вясна, светлых дзён хараство!
Ў санцацвеце губляюцца мары.
Смех дзявоча-пралескавы твой
Патануў у ясноце, ў надхмар’і.

21 сакавіка 1926 года.

Падобныя старонкі

творы/язэп-пушча/язэп-пушча-светлых-дзён-хараство.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki