Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:язэп-пушча:язэп-пушча-зоська-і-антосік

Язэп Пушча — Зоська і Антосік

Вышывае шоўкам Зоська
Браціку свайму Антоську
На сарочцы каласкі
I між імі – васількі.

Каласкі жаўцеюць, спеюць,
Васількі ўсё больш сінеюць.
Як жывыя каласкі,
I смяюцца васількі.

Хвалі ходзяць, як на ніве,
I блакіт плыве над імі.
Пад блакітам – каласкі
I між імі – васількі.

I праменьчык зіхатлівы,
Як струменьчык мігатлівы,
Поіць сонцам каласкі,
I смяюцца васількі.

I Антоську ў той сарочцы
Не пазнаюць, пэўна, хлопцы:
На сарочцы – каласкі
I між імі – васількі.

Падобныя старонкі

творы/язэп-пушча/язэп-пушча-зоська-і-антосік.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki