творы:язэп-пушча:язэп-пушча-зоры-мітусяцца-свецяць
Язэп Пушча — Зоры мітусяцца, свецяць
Зоры мітусяцца, свецяць,
Лозы схіляюцца ніц,
А вецер
Шуміць, і шуміць, і шуміць.
З неба высокага месяц
Срэбрам асыпаў кусты,
I цешаць
Мой зрок залатыя лісты.
Восень, дзяўчына-красуня,
Прозалаць сыпле з лясоў.
Красуе
Хай радасць тваіх верасоў!
Зоры мітусяцца, свецяць,
Лозы схіляюцца ніц,
А вецер
Шуміць, і шуміць, і шуміць.
1925
Крыніца: Душа мая тужлівая… : вершы і паэмы / уклад. В. А. Шніп. – Мінск: Маст. літ., 2005. – 303 с. – (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя).
Падобныя старонкі
творы/язэп-пушча/язэп-пушча-зоры-мітусяцца-свецяць.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin