творы:эдуард-акулін:эдуард-акулін-чарнобыльскі-анёл
Эдуард Акулін — Чарнобыльскі анёл
З авансцэны вясновага рання
між аблокаў туманных куліс
у пражэктарным сонечным ззянні
ён крыху тэатральна узнік.
Ён маўчаў і глядзеў мне у вочы,
ён прарочыў нязжыты мой лёс.
Я з магілы глыбокае ночы
пад паглядам яго уваскрос.
I на хвалю ступіў асцярожна,
і за ім да нябёсаў наўпрост
брукаванкай астыглаю Сожа
ціха рушыў, амаль як Хрыстос…
Крыніца: Прайсці праз зону. Кн. 2. Проза, паэзія, публіцыстыка / Уклад. І. Бутовіч; Маст. В. Шкаруба. Мн.: Маст. літ., 2001. – 558 с.
Падобныя старонкі
творы/эдуард-акулін/эдуард-акулін-чарнобыльскі-анёл.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:45 — vedybeadmin