Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-барадулін:рыгор-барадулін-палын-і-чарнобыль

Рыгор Барадулін — Палын і чарнобыль

Палын і чарнобыль –
Браты з даўніны,
На пусташах і на руінах
Трывала карэнне пусцілі яны
Тубыльцамі ў родных краінах.

Святлейшы ўспамінам
Палын-славянін,
Чарнейшы чарнобыль-татарын,
Адзін ласкавеў ля балючых былін,
Другі суравеў ля выгарын.
Яны – пагарэльцы
І сведкі вайны –
Па свеце вандруюць спрадвеку.
Іх лічаць сваімі паны-дзірваны,
Адводзяць ад іх небяспеку.

Сівее ў сухмень,
Серабрыцца палын,
У лівень рунее маўкліва.
Здаецца, чарнобыль
Чакае свой клін,
Што з неба прывабіла ніва.

Палын і чарнобыль,
І мне вы – радня,
Браты па малечай галечы.
Пясчанай каплічцы апошняга дня
Вы глуха атуліце плечы.

Падобныя старонкі

творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-палын-і-чарнобыль.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki