творы:рыгор-барадулін:рыгор-барадулін-заспаная-раніца-мжыстая
Рыгор Барадулін — Заспаная раніца мжыстая...
Заспаная раніца мжыстая,
На фарбы і гукі скупая.
Нібыта сцяжынаю мшыстаю,
Прыціхлай зямлёю ступаеш.
I вёдры прыглушана бразгаюць
Каля адсырэлае студні,
Лісцёваю дыхае брагаю,
Пакутуе восень застудай.
Цыбатай нагой жураўлінаю
Імшарамі верасень крочыць.
Ад кіслых прысмак журавінавых
Заплюшчыла сонца вочы.
Цвітуць успаміны верасам.
Няяснае мроіцца-сніцца.
I моцна жадаецца-верыцца,
Што ўсё да паўдня праясніцца.
Падобныя старонкі
творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-заспаная-раніца-мжыстая.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin