Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:пімен-панчанка:пімен-панчанка-спарышы

Пімен Панчанка — Спарышы

Адгрымела ноччу навальніца,
Птушак пазванчэлі галасы,
І пяюць на сто ладоў сініцы –
Упіліся, пэўна, ад расы.

На ялінах росных зор мільярды,
Дурнап’яну гаркаваты пах.
І арэхаў наліўныя ядры
Хрумстаюць так смачна на зубах…

Ён адшастаў ценісты арэшнік,
Змок увесь, але знайшоў, знайшоў –
З думкай пра яе, зусім нягрэшнай, –
Пару запаветных спарышоў.

Хоць ніколі ў прымхі ён не верыў,
Проста для забавы ўзяў, а ўсё ж,
Калі стукнуў да яе у дзверы,
Скаланула радасная дрож.

У яе пакоі – вокны насцеж,
І сама, як раніца, была.
«На, вазьмі сабе спарыш на шчасце…«
Ціха засмяялася, ўзяла.

Узяла і тут жа раскусіла:
«Дзякую, браточак, шчасце ёсць!»
На вяселле хлопца запрасіла:
«Будзеш у мяне найлепшы госць!»

Не, не быў ён госцем на вяселлі.
Па начных дарогах, без дарог
Ён хадзіў ля пожняў і аселіц,
Боль хацеў развеяць і не мог.

А праз год яна яго спаткала
Выпадкова.
Ці то ён яе…
Ля вачэй – маршчынкі…
Шчасця мала:
Муж – гультай, бадзяецца ды п’е.

Прызнавацца сорамна і горка.
«Як тады аслепнуць я магла?
– Сумным жартам скончыла гаворку:
Шкода, што спарыш не зберагла».

Вось і ўся гісторыя…
А можа
Гэта толькі першая з дарог?
Нездарма яе так устрывожыў
Ціхі сказ хлапца: «А я збярог».

1954

Падобныя старонкі

творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-спарышы.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki