Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:пімен-панчанка:пімен-панчанка-зварот

Пімен Панчанка — Зварот

Меднастволы, як выліты, высіцца бор,
Зацвітае на ўзлессі блакітны чабор,
Заглядзелася сонца у люстра азёр, —
Гэта ты, мая Беларусь!

Сіні ранак. Дзяўчына збіраецца жаць,
На плячы маладзік — серабрысты серп,
A наўкол наліўныя сады ляжаць,
Бурштыновыя яблыкі у расе, —
Гэта ты, мая Беларусь!

Я нямала прайшоў за вайну дарог,
А цябе такой непаўторнай збярог…
Бой мацнее!
Я хутка к табе прыйду,
Да грудзей набалелых тваіх прыпаду,
Пакланюся лясам і палеткам шырокім.
Толькі цяжка праходзіць апошнія крокі
Да цябе, мая Беларусь!

Толькі страшна мне думаць пра тую хвіліну,
Калі гляну у вочы я роднай краіне.
Буду хату шукаць, — а знайду руіны,
Буду маці гукаць, — адгукнецца магіла
На пагосце старым пад вярбою пахілай.
Што ж, якой ты ні будзеш —і ноччу, і раннем,
Я пазнаю цябе, я не здраджу табе.

Перанесла ты гора і катаванні
I зрабілася мне даражэй і радней.
Асушу твае слёзы,
Залячу твае раны,
Кожны ліст твой распраўлю рукою старанна.
Узніму з папялішчаў твае гарады я,
Насаджу каля вёсак сады маладыя,
Каб ты вечна цвіла
I у шчасці расла,
Дарагая мая Беларусь!

Падобныя старонкі

творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-зварот.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki