Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:пімен-панчанка:пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла

Пімен Панчанка — Сармацкае кадзіла

Адспявалі трубы залатыя,
Лета захлынулася ў расе.
Кветкі ў лесе ёсць,
Але не тыя:
Да Чырвонай кнігі збеглі ўсе.

Дзе ты, кураслеп лясны?
Дзе ворлік?
Дзе мядзведжая цыбуля - чарамша?
Ходзіш, ходзіш —
I пяршыць у горле…
Плач, асірацелая душа.

А калісь было ўсяго надзіва!
Як збяднеў у нас зялёны свет.
Дзе знайсці сармацкае кадзіла,
Сон-траву, і меч-траву, і познацвет.

Вінаваты ў гэтым не сарматы,
Вінаваты ўсе мы — ты і я:
Каб адчуць сцюдзёны водар мяты,
За сто вёрст ляціць мая сям’я.

Душна ад жалезнага прагрэсу:
Дружна падразаем жылы лесу,
Траў і кветак топчам карані,
Ад зялёнай адракаемся радні.

Што ты плачаш па траве і кветках?
Адрадзілі ж мы зуброў, баброў…
Ну, а чорны бусел? Вельмі рэдкі,
А заўсёды быў з людскіх сяброў.

Многа ліха — ды усюды ціха.
А зямля дакуль будзе цярпець?
А нашчадкам нашым
Чым жа дыхаць? —
Мы ўжо задыхаемся цяпер.

Трэба нам і захады і меры,
Каб між светлых беларускіх рос
Зноў расцвіў чаравічок венерын
I званочак сіні ў лесе рос.

Падобныя старонкі

творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki