творы:пімен-панчанка:пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка
Пімен Панчанка — Вясёлай маланкаю ластаўка бліскае…
Вясёлай маланкаю ластаўка бліскае,
I просіць засмяглая кнігаўка піць.
3 драздом і удодам, заранкай і пліскаю
Святлей, чалавечней нам жыць і любіць.
А як салаўі працінаюць наскрозь нас,
А як перапёлкі у жыце крычаць.
А птушкі пяюць то пяшчотна, то грозна,
I ў роздуме добра тады памаўчаць.
Хто птушку пакрыўдзіць —
Той сам сабе здрадзіць.
Жыццём і бацькамі завешчана нам:
Адкласці ўсе справы вясною, а зладзіць
Шпакоўні шпакам, а буслянкі буслам.
Патрэбна штодзённая людзям руплівасць
I песні, каб лашчыла сонца і слых.
Каб дзеці вяліся, каб лад быў шчаслівы,
А гэта прыносяць у хаты буслы.
Падобныя старонкі
творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin