Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:пімен-панчанка:пімен-панчанка-пачатак-вясны

Пімен Панчанка — Пачатак вясны

Белай сцюжай дыхаюць Саяны,
Запакован Енісей у лёд.
На радзіме сонечнай Сар’яна
Пазбіралі пчолы першы мёд.

А у нас на дрэвах – срэбная луска:
Білі з хмары першыя фантаны.
Глоткі вуліц дождж прапаласкаў,
І яны рыкаюць апантана.

«Эх, узяўся б заўтра хоць бы лешчык», –
Трызняць рыбакі ў суботні дзень.
І на стадыён наш брат балельшчык
Вока прымяраць ужо ідзе.

Паставыя са свісткамі змоўклі,
Салаўі лятуць з далечыні…
Адкажыце, колькі новых вокнаў
Дзень вясновы ў Мінску адчыніў?

Девяцьсот яму, а ён цудоўны,
Навасёлаў будзе зноў вітаць.
На жыллёва-мікра-рай-будоўлі
Гмахі ёсць – паэтаў не відаць.

Пішуць пра маленства ды ажыну,
Хоць сто год у горадзе жывуць.
Што ім электронныя машыны –
Лапатным гадам паклоны б’юць.

Я і сам хвалююся не лішне:
Што, як верш запозна прагучыць?
Нібы той акцёр, што зноўку выйшаў
Кланяцца, калі ўжо зал маўчыць.

Падобныя старонкі

творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-пачатак-вясны.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki