Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:пімен-панчанка:пімен-панчанка-ода-пешаходу

Пімен Панчанка — Ода пешаходу

Без дачы, без аўтамабіля
Жыццё пражыў.
I дай мне бог
Астатнія адмераць мілі
Пры дапамозе ўласных ног.

Ідзеш, знаёмых сустракаеш,
З табой усе турботы дня.
Жывеш, працуеш, адчуваеш,
Што землякам ты ўсім радня.

А што ў машыне? Мільгаценне…
Лятуць сады, дамы, гаі,
Снуюць у шкле людскія цені…
А вечны страх перад ГАІ?

Сустрэў знаёмых выпадкова,
Гулі гадзіну іх басы
Пра «Запарожац» нейкі новы,
Пра гаражы ды тармазы.

Пытаюся: ну як унукі?
Не разумеюць ні мур-мур.
Адзін другому ціснуць рукі:
I так, заклёпана. Ажур.

Таемнае людское шчасце:
Не спіць, худнее і дрыжыць,
За дэфіцытныя запчасткі
Гатоў ён жонку залажыць.

Да вандраванняў не пагасла
Мая любоў… Але цяпер
Не сяду нават на Пегаса,
Ён шмат бяды перацярпеў.

А лепей з моладдзю ў паходы
На рэкі, у лясы, сады.
Няхай зайздросцяць пешаходам
Аўтамабільныя зады.

1975

Падобныя старонкі

творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-ода-пешаходу.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki