творы:пятрусь-макаль:пятрусь-макаль-пахне-раніца-парай
Пятрусь Макаль — Пахне раніца парай...
Пахне раніца парай,
Якая над лугам дыміцца,
Пахне хмарай,
З якой зашуміць навальніца.
Пахне золкай расою,
Якую не выпілі травы;
Пахне вострай касою,
Якая спацела ад справы;
Пахне тупатам ног,
Што спяшаюць да гулкіх дарог;
Пахне шоргатам шын,
Хоць яшчэ і не чутна машын…
Растаюць туманы,
Золак шчодра святло рассыпае.
Пахне раніца поўднем,
Які ўслед за ёй наступае.
Падобныя старонкі
творы/пятрусь-макаль/пятрусь-макаль-пахне-раніца-парай.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin