Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:ніна-мацяш:ніна-мацяш-калыханка-маме

Ніна Мацяш — Калыханка маме

Быць разам выпадае нам так мала…
Забудзь трывогу вечную сваю,
Прыляж, мая натомленая мама,
Як некалі ты мне, табе спяю.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі —
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
З вясной сваёю, любая мая.

Хоць кропля з абяцанага нам маем
Збываецца праз мулкія гады.
Прыляж, мая даверлівая мама,
Спяю табе, як мне спявала ты.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі —
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
З вясной сваёю, любая мая.

Любоў нябёсы над табой трымае,
Любоўю зораць дні ў тваім акне.
Прыляж, мая усмешлівая мама,
Спяю табе, як ты спявала мне.
Задрэмлюць веі над вачыма карымі —
Не дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,
З вясной сваёю, любая мая.

Падобныя старонкі

творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-калыханка-маме.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki