творы:ніна-мацяш:ніна-мацяш-была-такая-буйная-вясна
Ніна Мацяш — Была такая буйная вясна...
Была такая буйная вясна!
А я жыла, жыла – не разумела,
Нашто мяне абдорвала яна
Цнатлівай чысцінёй чаромхі белай,
Яе агрузлых, хмельных кутасоў
Таемнай, ледзь улоўнаю гаркотай.
На ўзлесках цвіў лілова-сіні сон
I аддаваў мне ўсю сваю пяшчоту.
А салаўі, пад смех маладзіка,
Паілі сэрца слодыччу шчымлівай.
Прымала ўсе дары мая рука
Ў няведанні наіўным і шчаслівым.
Цяпер дажджы дзяўбуць маё акно,
Шматае вецер з дрэў рудое лісце.
…Дзень добры, любы! Ведаю даўно,
Нашто вясна дарункамі калісьці
Абсыпала мяне так шчодра…
1963
Крыніца: Ніна Мацяш. Душою з небам гаварыць: Выбраная лірыка. – Мн.: Маст. літ., 1999. – 462 с. – (Беларуская паэзія XX стагоддзя).
Падобныя старонкі
творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-была-такая-буйная-вясна.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin