творы:ніна-мацяш:ніна-мацяш-белаазёрск
Ніна Мацяш — Белаазёрск
Ці бачыў ты хоць раз Белаазёрск,
Калі на дахі мякка ноч прысядзе,
Павее казкай ад старых азёр
I пойдуць песні поруч па абсадзе?
Тады глядзіш на родны, любы кут
I цэлы свет гатоў у сведкі клікаць:
Ці столькі зор насыпалася тут
На дол з каўша Мядзведзіцы Вялікай,
Ці гэта ў небе, бы ў люстэрку тым,
Адбітак зыркі ўсіх агнёў Палесся?..
Белаазёрск мой, сон мой залаты,
Мая
яшчэ не складзеная
песня!
1962
Крыніца: Ніна Мацяш. Душою з небам гаварыць: Выбраная лірыка. – Мн.: Маст. літ., 1999. – 462 с. – (Беларуская паэзія XX стагоддзя).
Падобныя старонкі
творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-белаазёрск.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin