Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:ніна-мацяш:ніна-мацяш-а-ты-жыві-каханы-мой-жыві

Ніна Мацяш — А ты жыві, каханы мой, жыві...

А ты жыві, каханы мой, жыві.
Хай журавель нарэшце дасца ў рукі.
Я забяру ў магілу тыя мукі,
Што выпалі нам на кастры любві.
Ад золі сэрцайка сваё адхукай:

Жыві, каханы мой, жыві!


На свеце гэтым шмат харашыні.
Хоць людзі ў свеце гэтым – тое голле,
Па-над якім вятрам бяды скуголіць
Усцяж, і ноч у ноч, і дзень пры дні.
Ці чалавек задуманы для болю?

Як ён жадзён харашыні!..


Не пасягнуць мне розумам маім
Тваіх намераў велічных, Прырода.
Жыццё дала – не папытала згоды.
Усе цацанкі-абяцанкі – дым.
Жыццё бярэш, – і мне зусім не шкода

Аднойчы развітацца з ім.


Бо што мяне прызеляніла тут?
Якая ўжо мяне чакае радасць,
Як дружны род мой расхітала здрада,
Як дзецьмі не ацеплены мой кут,
Як песенны мой дар не мае ўлады

I над драбнейшаю са смут?..


А ты жыві, каханы мой, жыві.
Хай сэрцу будзе да каго хіліцца.
Хай жураўлём абернецца сініца.
Сваю шчаслівай долю назаві.
Хай светла збудзецца, што светла сніцца, –

Жыві, каханы мой, жыві!


1985


Крыніца: Мацяш Н. Паміж усмешкай і слязой: вершы і паэмы 1962-1992. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 301 с.

Падобныя старонкі

творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-а-ты-жыві-каханы-мой-жыві.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki