Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:леанід-галубовіч:леанід-галубовіч-свой-белы-верш-пра-чорн

Леанід Галубовіч — Свой белы верш пра чорную бяду...

Свой белы верш пра чорную бяду
Пішу не для прыхільнікаў паэзіі –
Пішу я для прыхільнікаў жыцця
I ў тых імя, што так жыццё любілі.

Як быў далёка горад той ад нас,
Ад нашых вёсак, гарадоў і хатаў,
Што нават і не ведалі, што ёсць
Ён на Палессі з назваю Чарнобыль.

I раптам – блізкім стаў ён, як сусед –
Пенсіянер, што не залечыць раны.
Так блізкі, як суніцы ад рукі
У нашым лесе, як вада са студні…

Як светлая дзяўчына, у якой
У клініцы прызналі лейкемію.
А ёй – семнаццаць. У двары – вясна.
I пад акном насвіствае пагодак…

Што розум наш без мудрасці?! Заўжды
Ён небяспечны для ўсяго жывога.
Рука тварца без мудрасці – карае.
I ў гэтым вінен не адзін тварэц,
А ўсе мы, як падсобнікі задумы.

…Не з раніцы да вечара жывём.
Жывём ад чалавека к чалавеку.
Дай Бог дажыць нам ад сябе да ўсіх!
Дай Бог ва ўсіх пазнаць Сябе самога!



Крыніца: Прайсці праз зону. Кн. 2. Проза, паэзія, публіцыстыка / Уклад. І. Бутовіч; Маст. В. Шкаруба. Мн.: Маст. літ., 2001. – 558 с.

Падобныя старонкі

творы/леанід-галубовіч/леанід-галубовіч-свой-белы-верш-пра-чорн.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki