Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:віктар-гардзей:віктар-гардзей-чорны-роджар

Віктар Гардзей — Чорны Роджар

Мора тут няма, і карабелы
Рады бруднай прыпяцкай вадзе,
Але там, дзе віўся ветразь белы,
Чорны Роджар сёння рэй вядзе.

Саснякі, пагоркі ды балота.
Рэшткі хат украплены ў пейзаж.
Людзі Флінта ў моры Герадота
Узялі жыццё на абардаж.

Белы ветразь мрояў і надзеі
Знік у хвалях, мабыць, назаўжды.
Калыхнуў імглу, што не радзее,
Чорны Роджар смутку і жуды.

Тут фарватэр мелямі багаты
I прапалі бакены ў туман.
Вам здабычу не спажыць, піраты,
Вас чакаюць буры, капітан.

Вецер сціх, ды мала суцяшэння.
Боль цячэ па выспах, па дрыгве.
Чорны Роджар да свайго крушэння
На агні Чарнобыля плыве.



Крыніца: Прайсці праз зону. Кн. 2. Проза, паэзія, публіцыстыка / Уклад. І. Бутовіч; Маст. В. Шкаруба. Мн.: Маст. літ., 2001. – 558 с.

Падобныя старонкі

творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-чорны-роджар.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki