творы:віктар-гардзей:віктар-гардзей-залаты-лістапад
Віктар Гардзей — Залаты лістапад
У лясах, на балоце
ліставей,
лістапад.
І стаіць у пяшчоце
залацісты наш сад.
Павуцінай затканы
сенажаці,
лугі.
Лёг на лес, на паляны
сіні водсвет смугі.
Лісце з шэлестам льецца
на траву,
на чабор.
Зелянейшым здаецца
ад святла ціхі бор.
Клін ляціць жураўліны
над зямлёй
наўскасяк.
Заірдзелі каліны.
Пажаўцеў беразняк.
Каля клёнаў барвовых
вецер кружыць лісты.
У гаях,
у дубровах
лістапад залаты.
Падобныя старонкі
творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-залаты-лістапад.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin