творы:васіль-жуковіч:васіль-жуковіч-небяспечная-зона
Васіль Жуковіч — Небяспечная зона
Асірацелі сцяжынкі, двары,
вокны паслеплі, паглухнулі дзверы.
Дзе вы, палескія гаспадары?
Вунь вас чакаюць антонаўкі, бэры.
Што ім, садам, зелянеюць сады,
як і раней, квітнеюць вазоны…
Людзі не вернуцца болей сюды:
тут – небяспечная зона!
Рэштка жыцця на падворках пустых –
куры галодныя і кураняты,
з ганкаў ніхто не пакліча ўжо іх, –
тут не адчыняцца хаты.
Як і куды, небяспека, ідзеш?
Дзе ты замрэш, за якім кіламетрам?
Што ты з сабой нам сягоння нясеш,
подых паўднёвага цёплага ветру?
Хто гэта мог бы падумаць калі,
што пад ласкавай сінечаю неба
ўзнікнуць на нашай свяшчэннай зямлі
могілкі вернай карміцелькі глебы?!
Падобныя старонкі
творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-небяспечная-зона.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin