Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:аркадзь-куляшоў:творчасць-аркадзя-куляшова

Творчасць Аркадзя Куляшова

Паэзія Аркадзя Куляшова (1914-1978) увайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. «Новая кніга», якая ўбачыла свет у 1964 г., стала па-сапраўднаму наватарскай і засведчыла якасна новы перыяд у творчасці паэта. Зборнікі «Сасна і бяроза» (1970) і «Хуткасць» (1976) грунтоўна замацавалі за ім адно з галоўных месцаў у літаратуры.
Нарадзіўся будучы народны паэт Беларусі 6 лютага 1914 г. у вёсцы Саматэвічы, што ў Касцюковіцкім раёне на Магілёўшчыне. Яго бацькі працавалі настаўнікамі ў школе. Паэтычны дар абудзіўся ў хлопчыка вельмі рана. У дванаццаць гадоў на старонках Клімавіцкай акруговай газеты «Наш працаўнік» ён надрукаваў свой першы вершаваны твор. А ў 1928 г., калі юнаму паэту было чатырнаццаць гадоў, у часопісе «Полымя» з’явіўся верш «Бывай...». Гэты твор быў народжаны першымі і шчырымі пачуццямі да вельмі прыгожай дзяўчыны — Алесі Карыткінай. Вобраз першага кахання жыў у сэрцы Аркадзя Куляшова ўсё жыццё, і таму ён неаднойчы згадваў Алесю ў сваіх паэтычных творах, вяртаўся да раней напісаных радкоў, шліфаваў іх, даводзіў да філіграннасці гучання. Верш «Бывай…» стаў шэдэўрам выдатнага паэта і цудоўнай песняй (музыку напісаў Ігар Лучанок):

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.


Закончыўшы ў 1928 г. сямігодку, Аркадзь Куляшоў пайшоў вучыцца ў Мсціслаўскі педтэхнікум. Тут ён пасябраваў з Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам, якія таксама пісалі вершы, былі паэтамі-маладнякоўцамі, упэўнена ўваходзілі ў літаратуру. Яны ў сваім асяродку захапляліся творчасцю Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, цікавіліся рускай і сусветнай паэзіяй. Знаёмства з паэтычнымі кірункамі і набыткамі іншых літаратур узбагачала творчы досвед і духоўны свет маладых людзей.
У 1931 г. малады паэт паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. А за год да гэтай падзеі выйшаў яго першы зборнік «Росквіт зямлі» (1930). У хуткім часе ўбачылі свет яшчэ некалькі кніжак Аркадзя Куляшова — «Па песню, па сонца!..», «Медзі дождж» (абедзве — 1932), паэмы «Аманал» (1933) і «Гарбун» (1935). У многіх вершаваных творах А. Куляшова адчуваюцца дыханне і рытмы свайго часу, выяўляецца радасць юнацкіх пачуццяў і рамантычных парыванняў у светлае заўтра. Аптымізм і мажор валадараць у радках паэта, які, зразумела, за чыстую манету прымаў тагачасныя ідэалагічныя заклікі ды ўстаноўкі. Драматычная праўда даваеннай рэчаіснасці, калі панавала атмасфера страху і недаверу, адбываліся рэпрэсіі, ішло рассяляньванне вёскі, заставалася па-за яго ўвагай. І таму не ўсё з напісанага вытрымала выпрабаванне часам.
Звяртаюць на сябе ўвагу вершы «Астраном» (1929) і «Як дзень адыходзіць…» (1930). У гэтых творах герой паэта рамантычна захапляецца панарамай далёкіх сузор’яў, верыць у тое, што зможа некалі весці дыялог з паэтам з іншай галактыкі, у якога гэтаксама «сэрца гарыць». Ён вітае зорны сусвет:

Прымі прывітанне, бясконцы сусвет
Далёкіх Цэнтаўраў і Львоў,
Далёкі таварыш, далёкі паэт
З няходжаных Млечных Шляхоў.
(«Як дзень адыходзіць…»)


Паэт нібы інтуітыўна прадчуваў надыход касмічнай эры, калі бясконцы сусвет зробіцца адкрытым і блізкім чалавеку. У асобе Аркадзя Куляшова ў нашу паэзію прыйшоў мастак аб’ёмнага, касмічнага погляду на свет. Філасофскі касмізм думкі, маштабнасць мыслення зрабіліся асноўнымі ў яго паэзіі. Асэнсаванне месца чалавека у Сусвеце, агульнапланетарным быцці знойдзе ўвасабленне ў творах Аркадзя Куляшова 40-50-х гг. і пазнейшага часу (паэма «Хлопцы апошняй вайны», вершы «Зямля», «Пра Марс» і інш.). Канцэпцыя быцця і лёсу чалавека на Зямлі і ў Сусвеце стала асновай яго філасофска-паэтычнага светабачання і светаразумення.
Самай прыкметнай з’явай у творчасці Аркадзя Куляшова даваеннай пары стаў цыкл вершаў «Юнацкі свет» (1939-1940). Сюды ўваходзяць вершы «На сотай вярсце», «Карусель», «Бюро даведак», «Воблака» і інш. Лепшыя з іх, як лічыць крытык У. Гніламёдаў, «краналі натуральнасцю слова, абаяльнасцю інтанацый жывой гаворкі, шчырасцю і праўдзівасцю пачуццяў…». «Я так — летуценнік…» — прызнаецца лірычны герой. Ён паўстае перад намі радасным, крыху наіўным. «Юнацкі непаўторны свет» поўніцца пачуццём кахання да дзяўчыны, якая ўяўляецца «светлым ранкам» («Бюро даведак»). Разам з тым герой паэта ўлюбёны ў свае родныя мясціны, на поўныя грудзі, па-маладому шчаслівы жыць на зямлі і сузіраць хараство. Лепшыя радкі цыкла ўражваюць лірычнай непасрэднасцю адчуванняў, адметнасцю аўтарскіх вобразаў. У вершы «Воблака» паэт здолеў перадаць цудоўны міг жывой паяднанасці з прыродай, калі ў рукі рыбалова, здаецца, трапіла само воблака:

Вада ў кругах,
Вада ў кругах,
I неба ў ёй не тое…
А воблака?Яно ў руках
Трапечацца жывое.


Пачуццё крэўнай еднасці з роднай зямлёй выяўлена ў вершы «Магілёўская хмарка» (1940). Хмарка — жывая і дзейная істота — паспагадала жнеям і схавала іх у свой цень ад спякоты, у рух прывяла вятрак, а потым «з вясёлым праехала громам». Праз пейзажны малюнак паэт імкнуўся выказаць духоўна значную думку:

I людзі ўсміхаюцца хмарцы сваёй,
I ўдзячны
Услед ёй крычу я:
— Расці, магілёўская хмарка,
З зямлёй
Трымаючы сувязь жывую!


У вершы «Плыла, цалавалася хмара з зямлёй...» (1940), які заўважна перагукаецца з «Магілёўскай хмаркай», Аркадзь Куляшоў працягвае роздум пра духоўнае апірышча асобы, яе ідэалы і жыццёвыя прынцыпы. Па сутнасці, ён выказвае сваё эстэтычнае крэда, погляд на асобу паэта, якая бачыцца яму душэўна ўсхваляванай, у няўрымслівым пошуку:

Хачу неспакойнаю хмарай грымець,
Маланкамі ўвесь апавіты,
Каб цяжка адразу было зразумець
Ці вокам акінуць, які ты.


У гэтым творы пейзажны вобраз набывае іншасказальнасць.
Тэма паэта і паэзіі знаходзіць арыгінальнае ўвасабленне ў вершы «Мая Бесядзь» (1940-1946). Тут па-мастацку пераасэнсоўваецца фальклорны вобраз птушкі кані. Каня марнавала час, калі іншыя птушкі працавалі, капалі раку, нават чыніла здзекі з маленькіх працаўнікоў. Таму яе спасцігнуў вечны праклён: улетку яна канае ад смагі, «рэдкаю кропляю… існуе». Лірычны герой верша не жадае жыць, як гэтая птушка, ён гаворыць, што будзе крышыць каменне, разграбаць пяскі і капаць «рэчышча ўласнай ракі». Яму марыцца, каб адшуканая крыніца разлілася ракой:

Не Волгай магутнай,
Не нават Камаю,
Хоць Бесяддзю, што на радзіме маёй.


Паэтава мара збылася. Яго паэзія зрабілася паўнаводнай ракой, якая ўлілася ў вялікі акіян агульначалавечай духоўнасці. Прыйшоў, зрэшты, і той дзень, калі давялося плыць у акіянскім прасторы, але мастак не забыўся пра пасланую лёсам блакітную раку, вытокі сваёй паэзіі: «Як быццам я плыву не акіянам, // А Бесяддзю — жаданаю ракой» (верш «Стаю і з пачуццём неўтаймаваным…», 1962).
Яшчэ ў даваенныя гады Аркадзь Куляшоў выявіў сябе і як паэт яркага эпічнага таленту. Паэме «Аманал» (1933) уласцівы прынцып рамантычнай умоўнасці ў адлюстраванні падзей. Абагульнена-сімвалічны і рамантычны характар набываюць вобразы Юнака і Маладосці, якія ў значнай ступені ўвасабляюць сабой маладое пакаленне 30-х гг. Паэт звяртаецца да мовы сімвалаў, прыёмаў іншасказальнасці і фальклорнай паэтыкі. Удалае выкарыстанне гэтага літаратурнага арсенала заўважыў і станоўча ацаніў Якуб Колас. Ён адзначаў адметнасць эпічнай формы твора, параўноўваў куляшоўскі «Аманал» з п’есамі Леаніда Андрэева і Морыса Метэрлінка: «…паэма… пабудавана пераважна на схемах, сімвалічнасці, на алегорыях, а сімвалічная афарбоўка выклікае ў памяці Морыса Метэрлінка: выццё сабак, ваўкоў, пеўневыя спевы і г. д. I як заключны акорд паэмы, паяўленне ласінага табуна». Гэты вобраз табуна на фоне летняй прыроды атаясамліваецца з узвіхраным часам 30-х гг., які імкліва перайначваў рэчаіснасць.
Адным з найлепшых даваенных эпічных твораў А. Куляшова справядліва лічыцца паэма «Хлопцы апошняй вайны» (1940). Паэт зазямляе свайго лірычнага героя, хоць той імкнецца думкай ахапіць сусвет. Ён турбуецца пра лёс жыцця і чалавека на зямлі, над якімі навісла пагроза ваеннага ліха. У перадваенныя гады гэтыя хваляванні былі небеспадстаўнымі і нават прарочымі, бо вайна з фашызмам прымусіла задумацца пра будучыню ўсяго чалавецтва і яго будучыню, пра вечныя каштоўнасці на зямлі — мір, працу, чалавечае шчасце. Зноў жа, трэба заўважыць, гэтая паэма лучыцца з канкрэтыкай даваеннай эпохі, аднак у ёй абмінаюцца складаныя рэаліі і павароты жыццёвай рэчаіснасці. Разам з тым аўтар апярэджвае свой час — найперш гуманістычнай скіраванасцю думкі, верай у чалавечы розум.
Патрыятычным і гуманістычным пафасам вызначаецца творчасць Аркадзя Куляшова ваенных гадоў. Вялікім пачуццём болю напоўнены верш «Ліст з палону» (1942) — зварот дзяўчыны, якую вывозяць у фашысцкую няволю. Гераіня звяртаецца да свайго каханага. Двойчы паўторанае слова «рабыня» і шматразовы паўтор эпітэта «чорная» абвастраюць трагічнасць гучання паэтычных радкоў, перадаюць унутраны стан паланянкі:

Я рабыня, рабыня,
Я чорная, чорная, чорная,
Любы мой, не з табой,
А з праклятай бядой
Заручоная…


Здаецца, што гэта сама Беларусь спавядаецца і кажа пра свой трагічны лёс, просіць заступіцца і абараніць яе ад рабства, кліча адпомсціць ворагу за патаптаны гонар і ўчынены гвалт.
Глыбокім лірыка-драматычным зместам напоўнены верш «Над брацкай магілай» (1942). Каб раскрыць увесь драматызм пахавання беларускіх салдат, палеглых за Радзіму, аўтар звяртаецца да прыёму вобразнага кантрасту: супрацьпастаўляюцца «прыгожыя краскі за вёскай у лузе» і «варожыя каскі» каля вёскі, дзе адбыўся бой. Тут паўстаюць у сваёй непрымірымасці прыгажосць жыцця і смерць. Заключныя радкі гучаць з эмацыянальнай узвышанасцю слова. Паэт выказвае той пакутны стан душы, калі чалавек, надоўга адарваны ад роднай зямлі, шукае ў цяжкія хвіліны духоўнага мацунку і надзейнага апірышча:

Беларусь мая родная,
як жа я рвуся яшчэ раз
Пеша ўсю цябе змераць,
увесь і чабор твой і верас!..
Сэрца просіць шляхоў,
Што цяжкім маім ботам пад сілу;
Наглытацца хачу туманоў,
Твайго ветру і пылу;
Наглытацца хачу за сябе і за тых,
Што не ўстануць з нябыту;
Вочы просяць нябёсаў тваіх,
Ім твайго не хапае блакіту.


Элегічная, роздумная танальнасць верша «Пад родным небам» (1943). Думкі паэта нібы мкнуць наўздагон за птушыным выраем: «А гусі? // Адкуль ім // Адрозніць за хмаркамі тымі // Шынелі ад купін, // Нядаўна пакінутых імі?». У гэтым лірыка-пейзажным творы кранальна і шчымліва выказаны запаветныя пачуцці чалавечай душы «пад восеньскім небам» ваеннага часу.
У гады вайны Аркадзь Куляшоў стварыў балады, элегіі, лірычныя і лірыка-публіцыстычныя вершы («Віцебская махорка», «Маці», «Галубкі» і інш.), а таксама паэмы "Сцяг брыгады" (1943), "Прыгоды цымбал" (1944) і «Дом № 24» (1944). Асабліва каштоўнае ў гэтых творах — псіхалагічная глыбіня пачуццяў пра перажытае і выпакутаванае чалавекам ва ўмовах ваеннага ліха. Уражвае драматызм лірычных інтанацый і адметнасць мастацкай вобразнасці, якая раскрывае трагедыю нашай роднай зямлі і трагедыю беларускага народа. Творы пра вайну Аркадзя Куляшова па-мастацку глыбока выяўляюць чалавечыя пакуты, боль, гора і знаходзяцца ў цеснай сувязі з ваеннай паэзіяй Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Міколы Сурначова, Аляксандра Твардоўскага, Аляксея Суркова, Сяргея Нараўчатава, Канстанціна Сіманава, Міхаіла Ісакоўскага і інш.
У канцы 40-х — 50-я гг. Аркадзь Куляшоў напісаў паэмы «Перамога», «Новае рэчышча», «Толькі ўперад», «Песня аб слаўным паходзе», "Грозная пушча". На гэтых эпічных творах, як і на многіх вершах таго часу, моцна адбіўся змест і дух часу, а менавіта культ асобы Сталіна, так званая тэорыя бесканфліктнасці, ідэалагічныя ўстаноўкі бальшавіцкай партыі. Ідэалагічная па сваёй накіраванасці вершатворчасць вызначае аблічча паэтычнага зборніка «Камуністы» (1949), назву якому даў аднайменны верш з запеўнымі радкамі: «Камуністы — гэта слова, як са сталі, // Камуністы — гэта слова, як з агню». Працытааваныя радкі поўныя пафаснай рыторыкі, патэтычнага красамоўства, казённага аптымізму. Паэма-араторыя «Слова аб правадыру народаў» (1949) стала паэтычным прамаўленнем аўтара пра так званага правадыра і бацьку народаў Сталіна. Твор гэты — даніна культу асобы, у ім дамінуе ўсхваляльны пафас. Зрэшты, оды Сталіну і камуністам склаў не адзін Аркадзь Куляшоў. Мастак у таталітарнай дзяржаве быў падпарадкаваны ідэалогіі, залежаў ад яе і мусіў прыстасоўвацца да абставінаў, каб аўтарытарная сістэма не ўкрыжавала яго, не адправіла на той свет.
Нараджаліся пад пяром паэта і радкі, непадлеглыя ніякім пераменам часу, — гэта творы на вечныя тэмы. Да найлепшых твораў Аркадзя Куляшова 40-50-х гг. адносяцца «Колас», «Вяселле», «Аб рэўнасці», «Ты і я», «Зямля», «Маё сэрца ў бары» і інш. Цудоўны верш «Ты і я» пісаўся амаль у адзін час з «Камуністамі». У ім тонка раскрываецца душа Куляшова-лірыка, гучыць прачулая музыка кахання.
У другой палове 50-х — 60-я гг. у свядомасці паэта адбылася змена поглядаў і арыенціраў, ён выйшаў на якасна іншы ўзровень светапазнання. Аркадзь Куляшоў істотна паглыбіў інтэлектуальны, філасофскі пачатак у сваёй творчасці. 60-70-я гады сталі новым этапам у яго паэзіі. Паклаў пачатак гэтаму этапу зборнік «Новая кніга», які стаў падзеяй ва ўсёй тагачаснай савецкай літаратуры.
Аснову светабачання паэта складаюць думкі-развагі пра быццё чалавека ў часе і прасторы, пра лёс чалавецтва, Зямлю і Сусвет. Крытык В. Бечык у кнізе пра А. Куляшова «Шлях да акіяна» (1981) адзначаў, што «касмічны» ракурс надаў асаблівую навізну і надзённасць паэтавым разважанням, «новае… гучанне атрымала гуманістычнае сцвярджэнне чалавечнасці, шчырасці, дабраты, абвострана выявіўся драматызм сучаснага быцця чалавецтва», пры гэтым у куляшоўскіх творах «пераважае пафас засяроджанага роздуму». Яго лірычны герой — асоба гістарычная, якая знітоўвае ў сабе мінулае і будучыню:

Жыву, і пачуццё ў мяне такое,
Як быццам мне не пяцьдзесят гадоў.
А пяць стагоддзяў — самае малое.
(«Мне кожны год, нібы жыццём другім…»)


Куляшоўскі герой — чалавек па-сапраўднаму касмічны, які адчувае сябе жыхаром Сусвету: «Я — трэці свет, я кропелька малая // Тых светаў двух — звычайны чалавек, // Што неба і зямлю ў сабе змяшчае…» («Нябёсы — акіян, я знаў даўно...»); «Мне ў рукі лёс не шпагу даў, не лук, // А ўсю Зямлю, з арэнай — Млечным Шляхам» («Не старадаўні бард, але…»). У гэтых радках выяўляецца інтэлектуальная ёмістасць, афарыстычнасць думкі. «У вобразным, паэтычным мысленні Куляшова заўсёды ўражвае нечаканасць фармуліровак», — адзначае беларускі даследчык філасофскай паэзіі Я. Гарадніцкі.
Вобразы акіяна, вады, неба і іншыя прыродныя стыхіі паўстаюць у паэзіі Аркадзя Куляшова ў непарыўным адзінстве з чалавекам, яны — тая першааснова, без якой немагчымы «нязгаснага жыцця працяг». У вершы «Сышлося неба з акіянам блізка…» чалавек паўстае як дзіця акіяна, чыё быццё ўключана ў кругазварот часу і гісторыі. Гэты твор — філасофскае шаснаццацірадкоўе, у якім думка скіравана на пазнанне чалавечага быцця ў часе і прасторы, у непарыўнай сувязі мінулага і цяперашняга. Маштабнае пачуццё аўтара раскрывае чалавека ў глабальнай узаемасувязі з прыродай і вечнасцю:

Я адчуваю, як насустрач сушам
Нясуць мяне ўспаміны, а не сны,
І там мяне перадаюць яны
Другім шляхам, другім вятрам і сцюжам.

Дзіця вады, паўзу я ў глыб лясоў,
Развітваюся з берагам пясчаным,
Каб чалавекам, з глыбіні вякоў,
Устаць і зноў сустрэцца з акіянам.


Герой Аркадзя Куляшова быццам змяшчае памяць мінулых часоў, канцэнтруе ў сабе гістарычны вопыт чалавецтва, таму і хвалюецца пра яго лёс і жыццёвыя перспектывы.
Чалавек у Аркадзя Куляшова выступае сувязным эпох, Зямлі і Космасу. Знаходзячыся «на паўмільярдным кіламетры, паміж наступным і былым», ён глыбока ўсведамляе сваю высокую місію, адказнасць за лёс жыцця на Зямлі, будучыню, ён жадае, каб «выток жыцця» вечна пераходзіў у «працяг жыцця» (верш «На паўмільярдным кіламетры»). Герой паэта не ўяўляе трываласці і няспыннасці зямнога быцця без повязі чалавека і прыроды, працягвае «руку гарачую… прыродзе — з дваццатага ў трыццатае стагоддзе» (верш «Завея лісцяў у сняжынак пух…»).
У 60-70-я гг. узрастала рэальная пагроза ўсясветнай тэрмаядзернай катастрофы. Паэт верыць у розум чалавека і няскончанасць быцця на Зямлі. Жыццялюбныя, антываенныя матывы гучаць у вершах «Я хаце абавязаны прапіскаю...», «Сама Зямля не вечна…», «Ты згасіш, сонца, час…», «Сасна і бяроза» і інш. Неспакой, хваляванні сэрца — гэта глыбінны гуманізм светапогляду паэта. У пейзажна-медытатыўным вершы «Глыбокі лістапад у Белавежы...», напісаным у канцы 60-х гг., гучыць філасофская тэма жыцця і смерці. Паэт так выказвае свой душэўны стан:

А я маўчу, як дрэва
Асенняе,
згубіўшае свой дах.
Вакол мяне —
направа і налева —
Лісты, лісты, лісты
заслалі шлях.


Мы адчуваем унутраны дыскамфорт паэта «сярод завей, бесчалавечных душ», яго шчырую трывогу за лёс кожнага з нас: «Хіба памром, // Гвалтоўнай смерці // трапіўшы пад кола? // Няўжо мы станем // снегам, пылам, тлом?» У наш паслячарнобыльскі час гэтыя радкі ўспрымаюцца яшчэ больш абвострана і драматычна. Паэт выявіў глыбінную паяднанасць інтымнага і грамадскага, элегічнага і светлага.
Аркадзь Куляшоў, нягледзячы на абвостраны драматызм светаўспрымання, па-філасофску ўзважана ставіўся да смерці і зямнога чалавечага лёсу, сцвярджаў няспыннасць жыцця. Ён верыў у вялікія магчымасці чалавецтва, яго інтэлект і духоўныя каштоўнасці. Наш беларускі паэт гэтак, як і А. Эйнштэйн, У. Вярнадскі і іншыя вучоныя, верыў у чалавечы розум, яго стваральны пачатак. Аўтарскі аптымізм і развагі пра вечны рух часу знайшлі глыбокае выяўленне ў вершы «На паўмільярдным кіламетры». Разам з паэтам мы ўслухоўваемся ў кукаванне зязюлі, якая калісьці паклікала яго ў вандраванне «на многа тысяч дзён». Афарыстычна гучаць заключныя радкі твора:

Пяройдзе шлях у новы шлях,
Расстанне — ў новае спатканне,
Напеў жалейкі — ў труб гучанне,
Выток жыцця — ў жыцця працяг.


Аркадзь Куляшоў імкнуўся асэнсаваць свой час і эпоху з пазіцый сучаснасці і мінулага, у агульначалавечым вымярэнні.
У сярэдзіне 60-х гг. Аркадзь Куляшоў напісаў цыкл лірычных вершаў «Маналог» (1964-1965), які прысвяціў памяці сваіх сяброў Юлія Таўбіна і Змітрака Астапенкі. Іх вобразы вяртаюцца ў памяць вярэдлівым болем. Юлій Таўбін «памёр… за кратамі, сярод муроў сырых. // Без стужак, без вянкоў, без некралога, // З кляймом абвінавачвання цяжкога…», другі сябра без весткі загінуў на фронце. «Маналог» паэта — гэта выяўленне шчырай, адданай вернасці сяброўству, памяць сэрца пра людзей, з якімі пачынаўся шлях у літаратуру. Паэт разважае пра сутнасць чалавечага жыцця: «Лепш цяжка жыць, чым быць бадзёрым трупам…».
Аркадзь Куляшоў у 60-70-я гг. паказаў сябе выдатным майстрам паэтычнага эпасу. Ён стварыў паэмы "Цунамі", «Далёка да акіяна», "Варшаўскі шлях", "Хамуціус".
Аркадзь Куляшоў выявіў сябе як таленавіты, глыбокі перакладчык. За дзейнасць у галіне мастацкага перакладу ён быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (1970). Куляшоў тонка адчуваў індывідуальную адметнасць кожнага з тых аўтараў, што цудоўна загучалі на беларускай мове. Ён пераклаў «Энеіду» ўкраінскага паэта Івана Катлярэўскага, славуты «Спеў аб Гаяваце» Генры Лангфэла, паэму «Цыганы» і раман у вершах «Яўгеній Анегін» Аляксандра Пушкіна. Паэтам пераствораны па-беларуску многія творы Міхаіла Лермантава, Тараса Шаўчэнкі, Сяргея Ясеніна, Расула Гамзатава і інш.
Аркадзь Куляшоў надаў высокі філасофскі ўзровень беларускай паэзіі. Ён выявіў раскаваную асацыятыўнасць думкі, шырокаахопнасць паэтычнага мыслення, яго суб’ектыўную інтэлектуальную заглыбленасць. Паэт не ўсведамляў сябе па-за агульназначнымі праблемамі чалавечага быцця, раскрываў агульначалавечае праз глыбока асабістае ўспрыманне рэчаіснасці і свету наогул. Ён узбагаціў традыцыі беларускага верша, пашырыў яго вобразна-выяўленчыя і стылёвыя магчымасці.

Падобныя старонкі

творы/аркадзь-куляшоў/творчасць-аркадзя-куляшова.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki