Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:аркадзь-куляшоў:аркадзь-куляшоў-сасна-і-бяроза

Аркадзь Куляшоў — Сасна і бяроза

Трымаюць Зямлю без падважнікаў тых,
Без мудрага троса,
Жывымі рукамі карэнняў сваіх
Сасна і бяроза.

Ад дыму да пары ў пякельных катлах
Судна, паравоза
Прайшлі яны поруч гарачы свой шлях –
Сасна і бяроза.

Лягла на іх плечы цяжарам вайны
Акопная проза:
Служыла салдатам сасна – для труны,
Для крыжа – бяроза.

Знікала з тузоў, гандляваўшых крывёй,
Пыхлівая поза,
Калі перад імі ўставалі з пятлёй
Сасна і бяроза.

Ад явы крывавай не вынайшлі лек…
І ўзнікла пагроза,
Што могуць пад крыжам закончыць свой век
Сасна і бяроза.

Ужо на насенне, якое ў раллі,
Паглядваюць коса
Аратыя смерці, каб больш не раслі
Сасна і бяроза.

Над імі ракетны ўзрываецца гук
І гул бамбавоза…
А што, як Зямлю нашу выпусцяць з рук
Сасна і бяроза?

Падобныя старонкі

творы/аркадзь-куляшоў/аркадзь-куляшоў-сасна-і-бяроза.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki