Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алена-васілевіч:алена-васілевіч-маміна-свята

Алена Васілевіч — Маміна свята

1

Цэлы тыдзень мы з сястрой думалі. Вырашалі, які падарунак зрабіць маме ў дзень Восьмага сакавіка.
Сястра сказала:
– Я вышыю маме сурвэтку. На ёй коцік хлебча з талеркі малако.
– Але ж у мінулым годзе ты вышывала маме коціка.
– Не, у мінулым годзе я вышывала зайчыка, – сказала яна. А потым падумала і зноў звярнулася да мяне:
– Ведаеш, я ўжо не буду вышываць коціка. Я перадумала. Падару маме малюнак.
– Малюнак?! – я аж падскочыў ад нечаканасці. Як гэта я сам не здагадаўся? Мама так любіць, калі мы малюем або чытаем добрыя кніжкі…
– Я намалюю маме птушку! Голуба! – паведаміла сястра з іншага пакоя. Яна ўжо раскладвала на стале паперу. І рыхтавала ваду для фарбаў.
Праз адчыненыя дзверы я бачыў, як сястра сядзела, высунуўшы кончык языка. Яна старанна нешта сцірала, потым малявала пэндзлікам. А потым зноў сцірала і зноў малявала. Яна расчырванелася і аж спацела – так старалася.

2

Я таксама стараўся… Я вырашыў намаляваць карціну зімовага лесу. І так захапіўся, што не заўважыў, як падышла сястра. Яна размахвала сваім гатовым малюнкам у паветры, сушачы яго.
– Ты ўжо хутка скончыш? – запытала ў мяне сястра.
– Хутка, – няпэўна адказаў я. А сам усё падмалёўваў і падмалёўваў…
Назаўтра я і сястра сустрэлі сваю маму яшчэ на парозе. Мы тут жа ўзялі ў яе з рук цяжкія сумкі. Дапамаглі ёй распрануцца. І ўрачыста павялі да нашых малюнкаў – Натчынага голуба і майго зімовага лесу.
– Ого! – Мама здзіўлена спынілася за некалькі крокаў ад нашых малюнкаў. – Ого! – паўтарыла яна.
– Віншую цябе са святам, мамачка, – прамовіла Натка.
– І я віншую цябе… – услед за сястрой паўтарыў і я.
– Дзякуй, дзякуй, мае залатыя мастакі! – пацалавала па чарзе Натку і мяне мама.
Яна хуценька адвярнулася да сваёй цяжкай сумкі. Дастала адтуль дзве каробкі цукерак. І дала іх нам – Натцы і мне.
Усе былі задаволены: і мы, і мама.

Падобныя старонкі

творы/алена-васілевіч/алена-васілевіч-маміна-свята.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:40 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki