Гэта старая версія дакумента!
Эпас
Эпас (ад гр. epos - слова, мова, аповед) — адзін з трох (поруч з лірыкай і драмай) родаў мастацкай літаратуры.
Для эпасу характэрна ўзнаўленне знешніх у адносінах да аўтара з'яў рэчаіснасці ў іх аб'ектыўнай сутнасці, паступова-лагічным (сюжэтным) іх развіцці. Эпічныя творы вызначаюцца шырынёй ахопу жыццёвага матэрыялу, грунтоўнасцю пры стварэнні чалавечых характараў, паказе быту, абставін, малюнкаў прыроды, разнастайнасцю спосабаў і сродкаў мастацкага выяўлення (апісанне, маналогі, дыялогі, аўтарскія адступленні). Эпас выпрацаваў цэлую сістэму відаў, такіх, як эпапея, раман, аповесць, а таксама апавяданне, навела, нарыс і іншыя т. зв. малыя відавыя формы эпасу (казка, легенда, паданне, анекдот, абразок, фельетон, памфлет…). У выніку ўзаемадзеяння розных родаў літаратуры ўзніклі ліра-эпічныя (паэма, балада) і ліра-драматычныя (байка, драматызаваная паэма) віды. У кожным з відаў эпасу можна вылучыць асобныя эпічныя жанры ці жанравыя разнавіднасці: раман сацыяльна-бытавы, гістарычны, філасофскі, аповесць лірычная, ваенная, апавяданне легендарнае, сатырычнае і гэтак далей. Эпас, як правіла, карыстаецца празаічнай мовай, але часам звяртаецца і да вершаванай (вершаваныя раманы, аповесці, апавяданні, легенды, гумарэскі, казкі і інш.).
Беларускі эпас узнік у перыяд сярэдневякоўя (летапісныя зводы, палемічныя і сатырычныя творы, перакладныя аповесці і раманы, аратарская проза, публіцыстыка і г. д.). У новай беларускай літаратуры спачатку карыстаўся вершаванай мовай (вершаваныя аповесці, быліцы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Вечарніцы», «Купала», «Травіца брат-сястрыца», «Быліцы, расказы Навума» і інш.), пакуль у канцы XIX ст. не звярнуўся да празаічнай (апавяданні Францішка Багушэвіча «Тралялёначка», «Дзядзіна», "Палясоўшчык"). Росквіту дасягнуў у XX ст. ; з сярэдзіны стагоддзя заняў галоўнае месца сярод усіх родаў беларускай мастацкай літаратуры. Вядучымі відамі беларускага эпасу сталі раманы і аповесці ("Палеская хроніка" Івана Мележа, "Птушкі і гнёзды" і «Ніжнія Байдуны» Янкі Брыля, «Дабрасельцы» А. Кулакоўскагя, «Сустрэнемся на барыкадах» П. Пестрака, "Чужая бацькаўшчына" Вячаслава Адамчыка, «Плач перапёлкі» Івана Чыгрынава, "Родныя дзеці" Ніла Гілевіча, "Пушча" Віктара Карамазава, "Заходнікі" Генрыха Далідовіча і інш.).
Эпасам яшчэ называюць вялікія фальклорныя творы гераічна-легендарнага зместу (армянскі «Давід Сасунскі», карэла-фінская «Калевала», кіргізскі «Манас» і інш.), а таксама рускія быліны, украінскія думы, казкі (гл. эпас народны).
l>