Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:эпас-народны

Эпас народны

Эпас народны — фальклорныя творы казачна-легендарнага зместу, якія адлюстроўваюць цікавыя, важныя для народа гістарычныя падзеі: эпапея, быліна, дума, гістарычная песня, балада, казка, паданне. Сусветная вусная народная творчасць пакінула багатую эпічную спадчыну: старажытнагрэчаскія эпапеі. скандынаўскія сагі, рускія быліны, украінскія думы. Эпас народаў СНД («Манас», «Кёр-аглы», «Джангар», «Сасунцы Давід», «Калевала», «Калевіпоэг», нарцкі эпас і інш.). У кожным з твораў эпасу народнага ўвасоблены народныя тыпы, створаны яскравыя эпічныя вобразы.
Беларускі народны эпас развіваўся ня аснове эпічнай традыцыі Кіеўскай Русі, у цеснай сувязі з эпасам рускіх і ўкраінцаў. Самыя раннія фальклорныя эпічныя жанры — казкі і паданні пра асілкаў («Ілья», «Кірыл Кажамяка»), балады, быліны (зберагліся на Беларусі ў фрагментах). Гістарычныя песні перыяду фарміравання трох усходнеславянскіх народаў адлюстравалі барацьбу беларусаў супраць мангола-татарскага нашэсця, польска-каталіцкай экспансіі, вайну са шведамі, сялянска-казацкія паўстанні і інш. («Сяўрук», «Падымалісь чорны хмары»). Гістарычныя ўмовы развіцця беларускага народа ў мінулым (адсутнасць дзяржаўнасці, абмежаванні ў афіцыйным карыстанні роднай мовай і інш.) выклікалі шырокае развіццё вуснай народнай творчасці, у тым ліку казачнага і быліннага народнага эпасу. Якуб Колас у свой час выказаў ідэю стварыць звод беларускага казачнага народнага эпасу, аб'яднаўшы асобныя творы вобразам аднаго народнага героя (напрыклад, Каваля Вярнідуба), як гэта зрабілі ў XIX ст. ў амерыканцаў Лангфела («Спеў аб Гаяваце») і ў карэла-фінаў Лёнрат («Калевала»). Ідэя гэта пакуль што не рэалізавана. Што да спроб адрадзіць у наш час некаторыя віды гераічнага народнага эпасу (у прыватнасці, былінны), то яны поспеху не мелі.

l>

Падобныя старонкі

слоўнік/эпас-народны.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 14:05 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki