Трагедыя
Трагедыя (гр. tragoedia, літар. казліная песня) — адзін з відаў драмы, заснаваны ня непрымірымым, трагічным канфлікце паміж моцнай высакароднай асобай і абставінамі, якія не даюць мажлівасці ажыццявіць яе намеры. Трагедыя як правіла заканчваецца гібеллю галоўнага героя (герояў).
Зарадзіўшыся ў Старажытнай Грэцыі (творы Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда), сваёй дасканаласці дасягнула ў творчасці Шэкспіра («Кароль Лір», «Рамэа і Джульета», «Атэла», «Гамлет»). Узоры рускай трагедыі — «Барыс Гадуноў» А. Пушкіна, «Навальніца» А. Астроўскага, «Смерць Івана Жахлівага» А. К. Талстога.
У беларускай літаратуры першыя трагедыі стварыў Янка Купала — філасофскую «Сон на кургане», сацыяльна-бытавую "Раскіданае гняздо". Пасля яго да трагедыі звярталіся К. Губарэвіч («Брэсцкая крэпасць»), Уладзімір Караткевіч ("Кастусь Каліноўскі", "Маці ўрагану"), Васіль Быкаў («Апошні шанц»), Алесь Петрашкевіч ("Гора і слава"), Аляксей Дудараў ("Князь Вітаўт"). Часам у драматычных творах трагічныя калізіі спалучаюцца з камічным іх асэнсаваннем ("Трыбунал", "Пагарэльцы" Андрэя Макаёнка) або камедыйныя калізіі заканчваюцца трагічным фіналам ("Тутэйшыя" Янкі Купалы, "Зацюканы апостал" Андрэя Макаёнка). Жанр такіх твораў вызначаюць як трагікамедыю.