Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:андрэй-макаёнак:андрэй-макаёнак-пагарэльцы-аналіз-твора

Андрэй Макаёнак — Пагарэльцы. Аналіз твора

Камедыя «Пагарэльцы» (першая назва «З кірмашу») лічыцца самай вострай сатырай драматурга на савецкую рэчаіснасць канкрэтнага гістарычнага перыяду. У значнай ступені гратэскавы смех п'есы быў скіраваны супраць атмасферы палітычнага жыцця краіны 1930-1950-х гадоў, што выявілася ў гнеўным асуджэнні не толькі таталітарнага рэжыму, але і антыграмадскай дзейнасці некаторых чыноўнікаў-прыстасаванцаў. Аўтар прадбачыў рэакцыю на твор і паказаў п'есу першай асобе рэспублікі П.М. Машэраву, якому твор спадабаўся, але і ён аказаўся не ўсёмагутным, параіўшы аўтару пачакаць гадкоў 5—6. П'еса ж праляжала ў шуфлядзе ажно 13 гадоў. За гэты час Андрэй Макаёнак шмат чаго змяніў у творы, працуючы над ім больш, чым над іншымі сваімі п'есамі.
Андрэй Макаёнак адмовіўся ад традыцыйнай сюжэтна-кампазіцыйнай структуры твора. Яна складаецца толькі з пралога і эпілога — дзвюх полюсных частак п'есы. Аўтар паказвае нам спярша пачатак падзей, а пасля — іх заканчэнне. Паміж імі трохі болей за 20 гадоў. Гэта вялікі прамежак часу, але ён дае аўтару звярнуць нашу ўвагу на тое, як пачыналіся трагічныя падзеі і да чаго яны прывялі праз 20 гадоў. Пралог і эпілог у кантэксце аўтарскай задумы трэба разумець не толькі як літаратуразнаўчыя тэрміны, а і як пачатак і фінал чыноўніцкай кар'еры ўхватавых. Такая кампазіцыя твора адпавядае аўтарскай задуме, якой ён дзеліцца з чытачом у рэмарцы перад пралогам. Твор ад гэтага не губляе сваёй цэласнасці, ідэйнай завершанасці.
Пад ухватаўшчынай трэба разумець прафесійную непрыдатнасць кіруючых асоб і злоўжыванне ў карыслівых мэтах службовымі абавязкамі, шкурніцтва, прыстасавальніцтва, апалітычнасць, цынізм.
Небяспечнымі наступствамі ўхватаўшчыны аўтар лічыў кар'ерызм, бюракратычнае кручкатворства і бязлітасныя адносіны да чэсных чыноўнікаў, людзей адукаваных, разважлівых.
Макаёнак хоча на прыкладзе «адной прыватнай трагікамічнай гісторыі» давесці да свядомасці чытача думку, што за ўсё ў жыцці даводзіцца плаціць. Маральны вопыт народа, зафіксаваны ў прыказках «Што пасееш, тое і пажнеш», «Як аукнецца, так і адгукнецца», як мяркуе пісьменнік, варта было б улічваць і чыноўнікам. У першую чаргу гэта тычыцца тых, хто «папіхаў слабога, дагаджаў дужаму, падлізваўся, хлусіў, крывадушнічаў, выгадваў, пагарджаючы інтарэсамі другіх дзеля ўласнай сытасці».
Ухватаўшчына ў творы панесла справядлівае пакаранне. Аўтар прыводзіць свайго персанажа да лагічнага канца — Ухватаў памірае, абураны хамствам, няўдзячнасцю чыноўнікаў, сваіх былых кадраў.
Землетрасенне («землятрус») — іншасказальная назва падзей, грамадска-палітычная напружанасць, драматызм часу, якія ўзбурылі ўсё даваеннае жыццё краіны — сталінскія рэпрэсіі 30-х гадоў.
Пад катаклізмамі і катастрофамі мы пазнаём масавыя рэпрэсіі. З гісторыі таксама вядома, што менавіта на начных пасяджэннях прымаліся самыя жорсткія рашэнні тагачаснай сістэмы і адбываліся арышты бязвінных людзей.
Значная роля ў драматычных творах для вырашэння аўтарскай ідэі належыць мове персанажаў. Асабліва яскрава выявіў гэты бок таленту А. Макаёнак у п'есе «Пагарэльцы», дзе надзяліў персанажаў камедыі мовай, якая адпавядае іх сацыяльным характарам, узроўню адукацыі. Так, у мове Бусько пераважаюць дыялектныя словы, для яе характэрны імкненне да панібрацтва, фамільярнасці (прывёзшы з вёскі хабар у выглядзе двух кумпякоў, Бусько без усялякіх прадмоў просіць «друга» выцягнуць яго з «балота», падшукаць работу ў кабінеце, «шо б було кому команду даць»). Для мовы ж Сілана, закончанага бюракрата, характэрна кніжнасць, канцылярызм. Сілан сцвярджае, што для яго «слова не мае юрыдычнай сілы, толькі подпіс». Макаёнак па-майстэрску выкарыстоўвае моўную характарыстыку для стварэння сатырычных тыпаў.

Падобныя старонкі

творы/андрэй-макаёнак/андрэй-макаёнак-пагарэльцы-аналіз-твора.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki