Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:стылістычныя-фігуры

Стылістычныя фігуры

Стылістычныя фігуры - своеасаблівыя сінтаксічныя канструкцыі, якія парушаюць звыклыя моўныя нормы і выконваюць выяўленчыя функцыі. Сюды ўваходзяць разнастайныя паўторы, усе віды і формы парушэння звычайнай сінтаксічнай ці лагічнай сувязі паміж словамі ўнутры вершаваных радкоў або празаічных фраз, супастаўленне і супрацьпастаўленне вершаваных радкоў, групоўка асобных фрагментаў літаратурнага выказвання ў пэўныя інтанацыйна-сінтаксічныя адзінствы. Кожная з фігур адыгрывае ў творы сваю выяўленчую ролю. Так, градацыя - паступовы пераход нейкай з'явы ад яе ніжэйшай ступені да вышэйшай ці, наадварот, ад вышэйшай да ніжэйшай - рэзка павышае эмацыянальнасць выказвання:

Восень. Лета, зматвай свае вудачкі!
Дрэвы выплаўляюць руду.
Вецер свістаў спачатку ў дудачку,
Потым у дудку, я ўжо затым у дуду.

(А. Наўроцкі. «Поры году»)


Недасказ (часам яго называюць абрывам, умаўчаннем), пры якім літаратурнае выказванне раптоўна перапыняецца, абрываецца, добра выяўляе ўсхваляванасць аўтара ці яго героя. Яно разлічана на здагадлівасць чытача, суперажыванне і садуманне яго з аўтарам твора. Васіль Зуёнак, напрыклад, выкарыстоўвае недасказ пры апісанні своеасаблівага псіхалагічнага стану інваліда Вялікай Айчыннай вайны, які ў лазні, забываючыся, сячэ венікам па неіснуючай, ампутаванай назе:

Сячэ гаспадар
То па левай, то па…
І раптам венік зрываецца…
Дваццаць год, як на дзве не ступаў,
Дваццаць год памыляецца.


Асабліва часта ў мастацкіх творах сустракаецца паралелізм — супастаўленне дзвюх ці больш нейкіх з'яў («Шчыплю, лушчу арэшкі:// Спяленькія - да прыполу,// Зеляненькія - да долу. // Спяленькія — паненачкам,// Зеляненькія - белачкам». - Народная песня), інверсія — такая расстаноўка ў фразе слоў або словазлучэнняў, якая парушае іх звычайны граматычны парадак («Плывуць воблачкі, карагодзяць, з блакітам зліваюцца., нікнуць і тонуць у пяшчотных хвалях сонечных». — Міхась Лынькоў. «Над Бугам»), антытэза, сінтаксічныя перыяды — складаныя сінтаксічныя канструкцыі з адным галоўным і некалькімі даданымі сказамі («Ці коска зазвоніць у час касавіцы, // Ці песню дзяўчо запяе, // Ці неба заззяе ў агнях бліскавіцы, // Ці грукне над лесам пярун, // — Усё адклікаецца ў вольных абшарах, // Ўсё іх дакранаецца струн». - Якуб Колас. «Водгулле»). Сінтаксічныя перыяды звычайна выклікаюць рэтардацыю — запаволенне ў апісанні якіх-небудзь падзей ці з'яў. Часамі ў мастацкіх творах сустракаюцца ампліфікацыя (або накапленне) — ужыванне ў выказванні некалькіх аднатыпных слоў ці моўных канструкцый (эпітэтаў, параўнанняў, сінонімаў, аднародных членаў сказа і г. д.), эліпсы (эліпсісы) — пропуск у фразе нейкага члена сказа, які лёгка ўзнаўляецца з кантэкста і інш.
У мове мастацкай літаратуры, перш за ўсё ў паэтычных творах, ужываюцца разнастайныя лексіка-стылістычныя паўторы: анафара - паўтарэнне адных і тых жа слоў ці гукаў на пачатку вершаваных радкоў («Мора вуглем цяпер стала,// Мора з дна цяпер гарыць,// Мора скалы пазрывала,// Мора хоча горы змыць». — Цётка. "Мора"), эпіфара — паўтарэнне адных і тых жа слоў у канцы вершаваных радкоў («Ёсць у брата бочка гарэлкі — ўсё для вас,// А як не стане — піва дастане, усё для вас» — Народная песня), падваенне — паўтор у вершаваных радках двух слоў ці словазлучэнняў («…Штосьці спявае пяшчотнае бор,// Пахне чабор, пахне чабор. » — Пятрусь Броўка. «Пахне чабор»), шматзлучнікавасць, (полісіндэтон) — паўтор адных і тых жа злучнікаў («Ах, песні… Вы мая уцеха. // І боль мой. І мая туга,// І ласка, і ўспамінаў рэха,// І прага жыць, пакуль мага»«— К. Кірэенка. «Ах, песні… »), бяззлучнікавасць (асіндэтон), шматпрыназоўнікавасць — паўтор адных і тых жа прыназоўнікаў («А па вуліцы ды па шырокай,// Па муравачцы ды па зялёнай». — Народная песня). Паўторы надаюць літаратурнай мове асаблівую экспрэсію, узвышаюць тон, запавольваюць тэмп выказвання, робяць яго велічна-спакойным, непаспешлівым і г. д.

слоўнік/стылістычныя-фігуры.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki