Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:шматпрыназоўнікавасць

Шматпрыназоўнікавасць

Шматпрыназоўнікавасць — стылістычны прыём, асаблівасцю якога з’яўляецца ўжыванне некалькіх аднолькавых прыназоўнікаў у вершаваным радку. Звычайна той самы прыназоўнік ставіцца перад назоўнікам і перад азначаемым словам, што адносіцца да гэтага назоўніка.
Вось прыклад з народнай песні:

Ой, на рэчцы на быстранькай,
Ой, на кладачцы на гібенькай…


Шматпрыназоўнікавасць ужыў Янка Купала ў пачатковай страфе другой часткі паэмы «Курган»:

На гары на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня ці болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной
Грозна, думна глядзеў на прыволле.


Паэт увогуле часта звяртаўся да шматпрыназоўнікавасці. Так, у вершы «Паліліся мае слёзы» ў кожнай з 5-і строфаў — па некалькі злучнікаў«на». Вось прыклад толькі з першай страфы:

Паліліся мае слёзы
На жывыя вербалозы,
На сухія ачароты,
На глухоты, на сляпоты…


Паўтор прыназоўнікаў дапамагае надаць паэтычнаму выказванню велічнасць, узнёсласць:

Гэта было ля далёкай,

ля польскай ракі, каля Віслы,

Гэта на ціхай раўніне,

на светлым на полі было…

(К. Кірэенка. «Здалёку…»)

З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
І з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго, —
Ты выткана, дзіўная родная мова.
(Максім Танк. «Родная мова»)

слоўнік/шматпрыназоўнікавасць.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki