Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:інверсія

Інверсія

Інверсія (ад лац. inversio — перастаноўка) — адна з сінтаксічных фігур паэтычнай мовы, такая расстаноўка слоў або словазлучэнняў у вершаваным радку, якая парушае іх звычайны граматычны парадак (выказнік знаходзіцца перад дзейнікам, азначэнне — пасля азначаемага слова, дапаўненне — перад выказнікамі г. д.)
Iнверсія дапамагае падкрэсліць пэўнае слова, думку. Напрыклад:

У тундры я пражыў гады,
Там, помню, веі гэтак дзьмулі,
Што тэлеграфныя танулі
У снегавішчах правады.
(А. Александровіч. «Перамога»)


(Звычайны парадак слоў: «…што тэлеграфныя правады танулі ў снегавішчах».)
Асаблівую адметнасць набывае паэтычнае выказванне, калі ў складаназалежным сказе мяняецца натуральны парадак даданых сказаў:

А як уцешна мне было,
Што сонца, хоць усе абшары
Даўно чакалі на святло,
Пакуль ты хустачку да твару
Не завязала, —

не ўзышло!

(Максім Лужанін. «На ўсходзе сонца»),


або калі прыназоўнік ставіцца пасля назоўніка:

Глядзі,

як гнедая ўсіх абышла далёка!

Не бег, а пылам над,

зямлёю над —

Палёт.
(У. Някляеў. «Іпадром»)


Iнверсія, недакладна ўжытая ў вершы, не толькі не праясняе паэтычны сэнс, а, наадварот, зацямняе яго.

слоўнік/інверсія.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:40 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki