Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:эпіфара

Эпіфара

Эпіфара (грэч. epiphora — паўтарэнне) — паўтарэнне аднолькавых гукаў, слоў ці выразаў у канцы вершаваных радкоў або строфаў.
Вось прыклад эпіфары з народнай песні:

Цялушачак гадаваць будзем,
А бычочкі прадаваць будзем,
Дзевак замуж аддаваць будзем,
А хлопчыкаў жаніць будзем.


У вершы Максіма Багдановіча «…Ціхі і сіні блішча над хатай» эпіфара праходзіць праз усе няцотныя радкі чатырохрадкоўяў, прадвызначаючы агульную кампазіцыю твора і яго рыфму:

Ціхі і сіні блішча над хатай

Неба прастор.

Ціха гайдае ліпа над хатай

Лісцяў узор.

У небе рахманы, сярэбраны голас

Звона гудзіць.

Птушкі маркотнай з дзерава голас

Сумна звініць.


У прыведзеным урыўку — прыклады радковай эпіфары. Калі ж асобныя словы ці выразы дакладна паўтараюцца ў канцы асобных строфаў, узнікае строфная эпіфара. Вось адзін з яе ўзораў:

Ты — шчасця, свабоды і дружбы вяшчуння,
Ты — светлая па-над зямлёй зараніца,
Ты — шчырага сэрца жывая крыніца,
Крыштальная руская мова!
Ты поўная фарбаў з прастораў квяцістых,
Ты поўная водсветаў, сонечных, зорных,
Сугуччаў і гукаў, жывых, непаўторных,
Цудоўная руская мова!
(Максім Танк. «Руская мова»)


У гэтым вершы эпіфара з’яўляецца і ў канцы двух наступных строфаў ( «Магутная руская мова!», «Вялікая руская мова!»). Такім чынам, строфная эпіфара удзельнічае ў архітэктанічнай будове ўсяго твора.
Рыфма з’яўляецца адным з відаў гукавой эпіфары.
Стылістычная фігура, супрацьлеглая эпіфары, — анафара.

слоўнік/эпіфара.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki