…Дух творчы Беларусі
Жыве й змагае ў вяках.
У. Жылка
Паэт рамантычнага складу і трагічнага лёсу, Уладзімір Жылка ўвайшоў у літаратуру на самым пачатку 20-х гадоў. Яго хвалявала становішча і далейшы лёс Айчыны ў цяжкія для яе гады. У сімвалічных вобразах У. Жылка паэтызаваў служэнне Бацькаўшчыне, змаганне за яе лепшую будучыню. У вершы «Віхор» аўтар паказвае абуджэнне беларускага народа і яго імклівы непераможны рух да свайго гістарычнага самасцвярджэння:
Грыміць, гудзе ўсё недарэчнае,
Штораз віхор гучней, прудчэй.
Услухайся, паймі адвечнае –
І гімны вырвуцца з грудзей.
Пара, пара дазнацца, зверыцца
Сваіх магутных сонных сіл!
Адважны, хто спыніць намерыцца
Размах жыцця і творчы пыл…
Праўда, не зусім акрэсленымі ўяўляюцца паэту шляхі, якія прывядуць да незалежнасці: «Дзе йдзем? І дзе капцы канцовыя? Дзе ходу нашаму мяжа?..»
Блізкімі да гэтага верша па пафасе і тэматыцы з’яўляюцца вершы «Мы любім даўнія паданні...» і «Ізноў пытанні…». У іх таксама няма адказу на пытанне аб шляхах выхаду з няволі. У радках верша «Ізноў пытанні…» чуецца знітаванасць лірычнага героя з нявольным краем, патрыятычная адданасць яму.
У творах У. Жылкі назіраецца арыентацыя на класічныя формы еўрапейскай паэзіі, на традыцыі філасофскай лірыкі М. Багдановіча. Так, верш «Палімпсест», які пераклікаецца з багдановічаўскімі «Перапісчыкамі», «Летапісцам», «Кнігай», можна назваць сімвалам нацыянальнага адраджэння. Як палімпсесту ( старажытнаму сцёртаму рукапісу, сэнс якога «пайме не кожны») патрэбна ачышчэнне ад пылу і наліплага бруду, так і краіне з яе «багаццем і хараством прыроды» неабходна ачышчэнне ад «вяковага бруду паганага», адраджэнне сваёй гісторыі («прошласці слаўнай»), сваіх каранёў і вытокаў.
У творчасці У. Жылкі, не ацэненай пры жыцці належным чынам, нямала разважанняў аб лёсе чалавека, які павінен быць свабодалюбівым, непакорным, з бунтарскім духам, з усведамленнем сваёй чалавечай годнасці. Толькі тады магчыма перамога. «Лепш быць пакутнікам, жабраком, чым рабом», – сцвярджае паэт у вершы «Ляпей жабрачы лёс»:
Ляпей жабрачы лёс,
У рукі кій, за плечы торба;
Ляпей страха нябёс,
Бясконцы шлях і ліры корба;
Ляпей чужыны золь,
Сцякаць ад чорнай працы потам;
Ляпей, не змогшы боль,
Сканаць самотнаму пад плотам –
Але не лёс раба…
Такая ж думка выказваецца і ў вершы «Праметэй». Вобраз Праметэя надзелены рысамі гордага змагара. Ён, нягледзячы на свае пакуты і прыніжэнні, што церпіць ад Зеўса, не можа скарыцца: «З гордых вуснаў не вылеціць стогн! Пакарацца, хіліцца не мне!» Гэты верш, на думку І. Багдановіч, « можа ўспрымацца як сімвал зняволенага і раскрыжаванага роднага Краю, які зазнаў на сабе «магутны, няправедны» прымус».
Пра былую веліч і славу краіны, калі яе сталіцай была Вільня, вядзецца размова ў «Вершах аб Вільні». Твор прасякнуты настальгіяй па мінуўшчыне, калі Вільня была канкрэтным сведчаннем волі, росквіту і духоўнасці, кансалідуючым сімвалам вызваленчых ідэй беларускага народа. Лірычны герой вершаў называе горад крывіцкай Меккай, местам родным, любым. І таму зразумелым становіцца жаданне паэта пасля смерці быць пахаваным толькі ў Вільні. Уяўленнем свайго сімвалічнага пахавання «на могілках зацішных Росы» заканчваецца апошні твор У. Жылкі – паэма «Тэстамент».
Творы тыпу жылкаўскага «Тэстаменту» вядомы ў беларускай літаратуры з даўніх часоў (гл. «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча, «Пісьмо з-пад шыбеніцы» К. Каліноўскага). Па складзе паэма лічыцца аўтабіяграфічнай, філасофска-медытатыўнай. У цэнтры яе лірычны герой, у спавядальным маналогу якога – роздум над сваім лёсам, над прызначэннем творцы наогул. Аўтар як бы апраўдвае паэта (песняра і змагара) за міжвольныя грахі, якія ён мог дапусціць на цяжкім жыццёвым шляху. Грахі гэтыя зямныя, чалавечыя, і людзі змогуць знайсці ім вялікадушнае апраўданне, бо паэт заўсёды імкнуўся захаваць у сабе вышыню чалавечага духу. Асэнсоўваючы жыццёвы і творчы шлях, паэт сцвярджае агульначалавечыя прынцыпы жыцця:
На зломе дзвюх эпох злавесным,
У неспрыяльным ветры злым
Сваё жыццё прайшоў я чэсна:
Пясняр, змагар, бядняк праз век, –
Быў перш за ўсё я чалавек.
Складаючы апафеоз зямлі, радзіме, працоўнаму чалавеку, паэт хоча пакінуць нашчадкам прыгожую, квітнеючую, плодную дабром і хараством зямлю:
Спявай, зямля, упіся сонцам,
Абмыйся чэрвеньскім дажджом,
Расці, цвіці, красуй бясконца,
Пладоў, зярнят насып каўшом.
Уцехай будзь маёй старонцы.
Дары красой, дары дабром!
Вітай, Цябе у сіле поўнай
Я аддаю сям’і працоўнай.