творы:уладзімір-жылка:уладзімір-жылка-ляпей-жабрачы-лёс
Уладзімір Жылка — Ляпей жабрачы лёс...
Ляпей жабрачы лёс,
У рукі кій, за плечы торба;
Ляпей страха нябёс,
Бясконцы шлях і леры корба;
Ляпей чужыны золь,
Сцякаць ад чорнай працы потам;
Ляпей, не змогшы боль,
Сканаць самотнаму пад плотам, –
Але не лёс раба
З бязволля ўласнага й бяссілля;
Не гэтая жальба,
Не скутыя рабамі крыллі.
Хто волю верна сніць,
Працят лятункам аб вялікім,
Таго не спакусіць
Ні ўладай, ні дабром бязлікім.
І хай прысуд гняце
І нікнуць вербалозы ніца, –
Душы аб пекнаце
Непераможна-думных сніцца.
1923
Падобныя старонкі
творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-ляпей-жабрачы-лёс.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin