Іван Пташнікаў — Алені — ГДЗ
1. Падзеі ў творы адбываюцца адразу пасля вайны ў самым пачатку восені. Галодны час быў тады, галадалі не толькі людзі («на вячэру вараць толькі заціркі»), галадалі і алені.
2. Галоўная гераіня твора Ірка «малая яшчэ, ёй пайшоў дванаццаты, мала, што яна рослая, падцягнулася за вайну, затое тонкая». Яна любіць лес, умее заўважыць кожную травінку і лісток. Ёй, «увогуле, уласціва ўлюбёнасць у свет прыроды.
3. Ірка палюбіла аленяў за тое, што яны былі прыгожыя і даверлівыя. Рагаты нават пасябраваў з ёй. Калі гераіня гладзіла яго «па гарбатым носе, па халодных рагах, нават па шыі — ён стаяў і слухаў». Ірка дапамагала сям'і рагатага ратавацца ад голаду: прыносіла буракі, частавала хлебам, «які і сама бачыла рэдка».
Дзяўчынкай кіруе спагада да ўсяго жывога, таму што ў яе душы жыве дабрыня і спачуванне да ўсіх, каму патрэбна дапамога.
4. Рагатага забілі Язэп з бацькам Іркі. Забілі, каб у сям'і было мяса, каб сям'я не галадала. Пры гэтым бацька адчуваў сябе няёмка, бо ён сам вучыў Ірку любіць лес і ўсё жывое. Няма апраўдання жорсткаму і карысліваму ўчынку дарослых.
5. У Іркі з маці былі складаныя адносіны: маці «ніколі не слухала Іркі». Лічыла, што дзяўчынка паказвае характар, калі тая адмовілася есці мяса. Яна не звяртала ўвагі на скаргі дачкі, калі ў той ад чаду балела галава.
Маці багата працавала і лічыла самым галоўным, каб была ў хаце ежа і было ў што апранацца, а астатняе, на жаль, не лічыла вартым увагі.
6. Самым эмацыянальна напружаным з'яўляецца эпізод, калі Ірка ідзе шукаць сваіх аленяў.
Апісваючы стан дзяўчынкі, аўтар гаворыць, што яна «хрыпела і не магла больш крычаць», што яе «нешта душыць, сціскаючы горла», «рукі яе не слухаліся», «нешта падвярнула раптам пад грудзі і моцна-моцна стукнула ў галаву».
7. Дзяўчынка згубіла прытомнасць і доўга ляжала на снезе, пакуль яе не знайшоў бацька. У Іркі было запаленне лёгкіх. У тым, што Ірка апынулася ў такім становішчы, ёсць і віна дарослых, якія забілі аленя.
8. Малюнкі прыроды ўдзельнічаюць у сюжэце апавядання. Яны дапамагаюць глыбей спасцігнуць унутраны паэтычны свет Іркі, выявіць матывы яе ўчынкаў.
9. Язэп — адмоўны персанаж твора, пра якога аўтар гаворыць «злосны мужчына». Гэта ён стаў ініцыятарам забойства рагатага. Пры гэтым герой не перажывае, як бацька Іркі, а нават лічыць гэты ўчынак удачай і вучыць бацьку, як схаваць скуру. Адчуваецца, што гэта ён робіць не першы раз.
Аўтар хацеў, каб кожнаму з нас сталі ўзорам адносіны Іркі да прыроды. Каб мы вучыліся ў гераіні дабрыні, духоўнай шчодрасці, прыгажосці і міласэрнасці.
10. Калі вам падалося, што алені на рэпрадукцыі карціны Г. Шапялевіч спалоханыя, то можна сцвярджаць, што прысутнічае сугучнасць ва ўспрыманні жыцця пушчы мастачкай і пісьменнікам. Сюжэту карціны найбольш адпавядаюць радкі тэксту: «Іх было толькі трое. За бязрогай маці, відаць, бегла двое малых».