Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:яўгенія-янішчыц:яўгенія-янішчыц-у-калыханку-сыну

Яўгенія Янішчыц — У калыханку сыну

Свет мой – голенькі ды босы,
Мой бялюткі бацянок,
Засынаеш, як дарослы, –
Пад галоўку кулачок.

Спі… Зырчэйшая за лотаць
Узышла зара ў акне.
Хто нас можа запалохаць,
Калі ты ўсміхнуўся мне?

І сама я на паўслове
Заціхаю. Ноч… Спакой…
Спі, твой раначак ружовы
І блакітны вечар твой.
Спі, мой сыне, спі, мой болю,
Спі, крыло майго жыцця…
Я й сама цяпер з табою,
Як вясёлае дзіця.

Падобныя старонкі

творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-у-калыханку-сыну.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:47 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki