Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:яўгенія-янішчыц:яўгенія-янішчыц-святло

Яўгенія Янішчыц — Святло

Гордая, нуртуе кожнай жылкай
Пад ільдом вячыстая рака.
…Будзе біцца сонная сняжынка
Крыльцамі сляпога матылька.

Выйдзем у раскошную нядзелю,
Покуль свята блізіцца здалёк.
Пэўна, я цябе не абнадзею,
Як вось гэты лёгенькі сняжок.

Дай мне шляху, што будзілі продкі!
Праплыла яшчэ палоска дня
Белым крыллем спуджанай лябёдкі,
Белай грывай быстрага каня.

Расцалуй да чыстых слёз, да смеху,
Пальчыкі азяблыя сагрэй.
…Светла як ад ранішняга снегу,
Толькі ад вячэрняга — святлей.

Падобныя старонкі

творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-святло.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:47 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki