творы:яўгенія-янішчыц:яўгенія-янішчыц-падставіць-голасу-лісток
Яўгенія Янішчыц — Падставіць голасу лісток...
Падставіць голасу лісток,
Няхай сцякаюць гук за гукам
I не кляцьба, і не зарок,
Не боль, не гром і не разлука,
А — набалелая вышынь,
А — нагрымелая трывога,
А — высакосная ў цішы
Незацугляная дарога.
Хай слова слова апячэ,
I хай шукае месца клічнік
У неадкрытым, у яшчэ
Чужым і стоеным абліччы.
Я рада, што праз груд гадоў
Не развучылася смяяцца,
Што выняньчаны мной радок
Не можа з іншымі змяшацца.
Падобныя старонкі
творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-падставіць-голасу-лісток.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:47 — vedybeadmin