творы:яўгенія-янішчыц:яўгенія-янішчыц-бацькава-дарога
Яўгенія Янішчыц — Бацькава дарога
Прымаўку — «твая дарога — ад печы…» —
Не знаў. Ці знаць не любіў,
А ўзвальваў сам дарогу на плечы,
Колькі бачыў — столькі хадзіў.
Перамераны ўсе тутэйшыя вёрсты.
Перамераны поле, лес, сенажаць.
I дарога твая, нібы леты ды вёсны,
Засынала ў дванаццаць. Прачыналася ў пяць.
Смольны дух ад утульнай ватоўкі
Прыносіў у дом лясны камандзір.
…З лясоў Кыштоўкі ляцелі паштоўкі —
Была адкрыта
табе і Сібір.
Была адкрыта табе трывога
За дзень наступны. За рэчку з ляском,
Пакуль сама на цябе дарога
Не ўпала
жоўтым балючым пяском…
Падобныя старонкі
творы/яўгенія-янішчыц/яўгенія-янішчыц-бацькава-дарога.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:47 — vedybeadmin