Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:янка-золак:янка-золак-мая-беларусь

Гэта старая версія дакумента!


Янка Золак — Мая Беларусь

Беларусь для мяне – мая родная маці,
Што ў залочаны восені цвет,
У сялянскай з лучынаю хаце
Спарадзіла мяне на свет.

Беларусь для мяне – гэта шчырая вера,
Гэта сэрца сыноўнага стук.
Беларусь для мяне – гэта звонкая лера
I цымбалаў раскацісты гук.

Беларусь для мяне – гэта белыя зімы
I вясновы бурлівы разліў;
Васількі у жытох гаманлівых,
Водар бэраў, антонавак, сліў.

Беларусь для мяне – гэта восень з кастрыцаю,
Верацёнаў гудзенне, красён перастук,
Кужаль, тканы матуляй, сястрыцаю,
Гэта – плёны ад працы мазолістых рук.

Беларусь для мяне – Каліноўскі, Скарына,
Багушэвіч, Купала і сотні такіх,
Каго гора-бяда не скарыла,
Хто ніколі не зрокся сваіх.

Беларусь для мяне – гэта слуцкія ткаллі,
Што прыгожыя ткуць паясы;
Гэта рэк і вазёраў срабрыстыя хвалі,
Белавежская пушча і Бранска лясы.

Беларусь для мяне – Сакавік Дваццаць Пяты
Пуцяводная зорка мая,
Случчакі, Вяліжане у бітвах зацятых
Ды імклівай «Пагоні» ваяк.

Беларусь для мяне – гэта спеўная лера
I крынічка, што з лесу бяжыць;
У свой край непахісная вера,
Што ён жыў і жыве й будзе жыць!

24 сакавіка 1983 г.



Крыніца: Золак Янка. Вятрыска з радзімай краіны: Зб. выбр. тв. / Уклад. і прадм. Л. Пранчак. – Мн.: БелАДІ, 1996 – 312 с.

Падобныя старонкі

творы/янка-золак/янка-золак-мая-беларусь.1755963920.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:45 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki